"Бяспраўнік" пад Столінам уцякаў ад ДАІ на задняй перадачы (відэа)
У незвычайнай пагоні давялося паўдзельнічаць даішнікам у Столінскім раёне 5 кастрычніка, паведамляе прэс-служба МУС.
У 18:15 у вёсцы Альшаны экіпаж ДАІ звярнуў увагу "Форд Скорпія", які рухаўся без рэгістрацыйных знакаў з затанаваным шклом. Міліцыянты ўключылі праблісковыя маячкі і праз гукаўзмацняльнік запатрабавалі, каб машына спынілася. Аднак кіроўца кінуўся наўцёкі, уключыўшы заднюю перадачу.
Некалькі скрыжаванняў ён праехаў заднім ходам, пакуль яго на чарговым скрыжаванні не заблакаваў другі аўтамабіль ДАІ.
Выявілася, што за рулём быў мясцовы 19-гадовы юнак. Сёлета ён быў пазбаўлены права кіравання за язду ў нецвярозым стане.
На хлопца склалі некалькі адміністрацыйных пратаколаў і ўзялі пад варту. 7 кастрычніка суд Столінскага раёна прысудзіў яму трое сутак арышту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.