Бяздомны пра маразы: Сябар тут акалеў, хоць і кардонам накрылі, і кажухом

На вуліцы -21, а па ўражаннях, ўсе -35! Высвятляем, як у такую сцюжу выжываюць бяздомныя мінчукі.

"Мае сэнс з’ездзіць нават на Ваўпшасава (там размешчаная начлежка для бяздомных — заўвага Еўрарадыё), там людзі могуць ведаць — яны вельмі цесна звязаныя і ўсе пра ўсіх ведаюць”, ― раіць нам актывістка руху "Food Not Bombs".

На Ваупшасава бяздомных не так і шмат. На выхадзе з начлежкі сустракаем жанчыну, яна раіць пашукаць "калег па няшчасці" у лесе ля цеплатрасы.

Лазім па лесе, але знаходзім толькі закінуты свінарнік, дзе летам бавілі час бяздомныя.

Адмарозіўшы сабе што толькі можна, вырашаем ехаць на цеплатрасу, што на вуліцы Малініна. Гэта месца мінімум два разы трапляла ў зводкі ратавальнікаў ― бяздомныя чынілі пажары.

Бамжоў тут няма.

“Яны ж забруджваюць нашу нацыю”, — нечакана пачуць такое ад дваіх васьмікласнікаў. Яны паказваюць дзверы ў калектар, якія завараныя наглуха.

Праз дзірку ў дзвярах бачым сляды былога прыстанішча: бутэлькі, крэсла, міскі …

Пасля безвыніковых пошукаў ля цеплатрасы едзем на вядомую сметніцу ля Паўночных могілак.

Палігон ля Паўночных могілак - прыстанішча і месца працы для бяздомных 

Палігон здалёк ― бы горы, толькі з чорным дымам варон! З-за марозу і ветру пах сметніка не так моцна адчуваеца, але раз-пораз ад паху спірае лёгкія. На самым версе звалкі — процьма людзей.

Падыходзім да бліжэйшай групкі ля вогнішча — закопчаныя твары і абы-якая вопратка. На вогнішчы — задымленыя гарбатнікі, побач валяецца паўпустая шклянка кавы “Якабс арамагія”.

Большасць бяздомных адразу разбягаецца, ля вогнішча застаюцца толькі дзве жанчыны.

"Ганна", — ледзь не б'е сябе ў грудзі  адна з жанчын, самая бойкая. Бяздомныя адразу рэагуюць на беларускую мову калегі.

"Каця, слыш, па-беларуску гутара", — кажа Ганна.

Каця: "Адабраю!"

Кожную фразу падмацоўваюць матам. З журналістамі размаўляюць вельмі і вельмі неахвотна.

Пытаемся, як яны тут начуюць, бо на вуліцы — люты мароз і пранізлівы вецер, але па версіі той жа Ганны, ніхто на сметніку не начуе.

"Сюды прыязджаем толькі працаваць. У нас шмоткі ў цёплым месцы, пераапранаемся там, памыліся і дамоў", — кажа Ганна, якую быццам бы не палохае сцюжа.

Жанчына здымаць забараняе, бо ўжо "свяцілася" ў інтэрнэце. Ля вогнішча падыходзяць мужыкі, прыносяць броўны для вогнішча. Калі чуюць пра інтэрнэт, ківаюць.

"Я таксама цябе ў інтэрнэце бачыў", — кажа мужчына з найблакітнейшымі вачыма.

"Мяне сын ў інтэрнэце ўбачыў, мае фоткі, і адмовіўся ад мяне. Сябры ўбачылі, і сказалі, што ў яго такая маці, адмовіўся", — працягвае Ганна і знянацку пачынае плакаць, але гэтак жа хутка супакойваецца і зноў вядзе ўпартую барацьбу супраць відэа- і фотаздымкаў.

"Прыязджалі таксама (прыязджалі супрацоўнікі Чырвонага Крыжа — заўвага Еўрарадыё), прапаноўвалі нам ролтан ды гарбату. Але (!) ніхто не падышоў да іх, бо на камеру здымалі, На***й мне іх ролтан? Я сама куплю, што трэба. Ніхто не замярзае, у нас ва ўсіх буржуйкі, цёпла", — расказвае Ганна, размахваючы шакаладкай. Кажа, то купіла ў краме і шчодра прапаноўвае нам.

Кажу, што худзею і мне нельга салодкага, суразмоўца не губляецца:

"Ты нармальна выглядаеш, як я!" — лупіць жанчына і раіць пашукаць бяздомных ля іншых вогнішчаў.

Пераходзім ад групкі да групкі: але што цікава, ніхто з заўсёднікаў сметніка "ні разу не бяздомны"! Ва ўсіх як мінімум трохпакаёўка ў горадзе, а то і цэлы дом!

Тут ўсе толькі працуюць.

"Папрацаваў, пагрэўся, папрацаваў", — кажа нам безыменны мужчына, без ўзросту і на твар такі ж, як усе мясцовыя"працаўнікі".

У Івана, на від мужчыне далёка за 60, іншая методыка.

"Я ля вогнішча не грэюся, бо тады яшчэ халадней", — пагрымвае "шкляным бізнэсам" Іван: ён збірае бутэлькі і здае. Пытаемся, ці не холадна тут, і ці не замярзаюць людзі.

"У мяне тут летась сябра замёрз. Тут застаўся начаваць, і кажухом накрылі, і паперай, але ўсё роўна акалеў. Цяпер ніхто не замярзаў быццам бы", — кажа Іван.

Бізнэс ў кожнага самы розны: хто збірае пластыкавыя бутэлькі, хто метал, хто шкло. Расказваюць, што за дзень можна зарабіць 100-200 тысяч. Хто і па чатыры мільёны зарабляе за месяц!

"Я цябе, бл*, заб'ю, калі ты нешта ў інтэрнэт напішаш пра мяне!", — гразіцца нам на развітанне тая самая Ганна.

Унізе ў лесе, побач са звалкай заўважаем бо 20 хат – «буды» - каробкі з фанеры ды картона.

"Буды", дзе жывуць бяздомныя са звалкі Паўночнай

Накіроўваемся на вакзалы — на аўтавакзале "Усходні" ніякіх бамжоў не відаць, а вось на чыгуначным вакзале "Мінск пасажырскі" проста на нашых вачах трое міліцыянераў выправодзяць троіцу "сінякоў".

"У нас што – сухі закон?" — спрабуе спрачацца адзін з сяброў.

Праходзім па вакзале — налічваем адразу 20 міліцянераў ды амонаўцаў. Яны пільна назіраюць за пасажырамі і пры мінімальным падазрэнні на "нефарматнасць" правяраюць дакументы і праводзяць прафілактычныя размовы.

Актывістка руху "Food Not Bombs" кажа, што цяпер бамжоў у Мінску стала вельмі мала і пайшлі чуткі пра зачыстку сталіцы ад наркаманаў, прастытутак ды бамжоў перад Чэмпіянатам свету па хакеі.

"Ловяць нейкага бамжа, яго саджаюць у выцвярэзнік, а потым кажуць, маўляў, дарагі, давай мы цябе палечым і накіроўваюць яго, да прыкладу, ў Мар'іну Горку, і там яго і пакідаюць", — распавядае дзяўчына.

Па афіцыйных звестках, міліцыя і сапраўды рыхтуецца да спартовых мерапрыемстваў. На прымусовае лячэнне ў 2011 годзе накіравалі 600 чалавек, а за 2013 — 1,5 тысячы!

Кіруемся ў Чырвоны Крыж, што на Магілёўскай. Такіх пунктаў па Мінску некалькі.

Сюды бамжы прыходзяць паесці і пагрэцца ў маразы. Тут ім прапаноўваюць хуткія супы, гарбату і пячэнькі. На месцы выдаюць вопратку ды абутак.

"Вельмі мала бамжоў цяпер прыходзіць, ў параўнанні з мінулым годам. Чалавек сем за дзень. І ўсё больш новыя, старых не бачна", — распавядаюць Еўрарадыё ў Чырвоным крыжы. Але па словах галоўнага спецыяліста па падрыхтоўцы і рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі Чырвонага крыжа Зміцера Русакова, бяздомных меней не стала — усё тыя ж застаюцца, і нават не хапае вопраткі.

“Цёплых рэчаў вельмі не хапае. І будзем ўдзячныя, калі нехта прынясе”.

фота, відэа: Яўген ВАЛОШЫН, тэкст: Тамара САВІЧ 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі