Былы сябра ЦВК: Мяне выключылі з "чорнага спісу"? Дзякуй!

Еўрарадыё: Вы ведаеце, што вас выключылі са спісу?

Наталля Бушная: Не, не ведаю.

Еўрарадыё: Вось, стала вядома, што ЕС з вас зняў санкцыі.

Наталля Бушная: Дзякуй!

Еўрарадыё: А якая ваша рэакцыя?

Наталля Бушная: Мяне гэта не вельмі турбавала і раней. Я нічога такога не рабіла, каб супраць мяне нейкія санкцыі прымянялі.

Чаму выключылі са спіса, Наталля Бушная не ведае, сама ніяк не спрабавала апратэстоўваць сваё ў ім знаходжанне. Былы старшыня Магілёўскай абласной выбарчай камісіі Валерый Берастаў пра выключэнне са спісу ведае, але не адчувае вялікай радасці.

"Я не быў засмучаны калі даведаўся, што я ў гэтым спісе, і не адчуваю вялікага захаплення, што выключаны з яго. Бо у мяне не было намеру і патрэбы ехаць у краіны ЕС. Я не ведаю, чым кіраваўся ЕС калі складаў спіс і не ведаю, якія матывы пабудзілі цяпер выключыць".

Еўрарадыё: А чаму не хочаце ехаць у ЕС?

Валерый Берастаў: Няма неабходнасці. Чаго я туды паеду? На адпачынак я туды не еду, камандзіровак туды ў мяне няма.

Еўрарадыё:  А псіхалагічна не было цяжка, што вы ў такім спісе?

Валерый Берастаў: Асабіста мяне датычна, я абсалютна спакойны быў. А ў плане таго, што ЕС шукае нейкія брудныя метады, каб неяк укалоць, гэта засмучвае, некамфортна сябе адчуваю па гэтай прычыне. Можа, да іх вярнуўся зрок, што іх дзеянні былі незаконнымі і цяпер хочуць стаць у межы прававога поля, тады гэта радуе".

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік кажа, што яны не дамагаліся выключэння сваіх калегаў са спісу, але неаднаразова казалі, што гэта неканструктыўна, уносіць у спіс арганізатараў выбараў, бо па выбарах было менш прэтэнзій, чым да іншага.

"АБСЕ прызнала, што выбары прайшлі на больш высокім узроўні, чым папярэднія. Асноўнае абвінавачванне было, што пасля выбараў былі арыштаваныя амаль усе кандыдаты, але гэтая падзея не звязаная з самімі выбарамі. Адзін член ЦВК, Іпатаў нават падаваў заяву ў суд па правах чалавека, але працэс зацягваецца і канца краю яму не бачна. А тое, што прынялі рашэнне некаторых выключыць са спісу, я лічу вельмі пахвальным. Хаця, трэба было выключаць усіх адразу".

Прычыны выключэння менавіта гэтых асоб патлумачылі вельмі сціпла: "для знаходжання гэтых людзей у спісе больш няма падстаў". Складаецца ўражанне, што больш канкрэтнага тлумачэння зусім няма і людзей абіралі ледзь не выпадкова.

Аналітык BISS Андрэй Елісееў лічыць, што выключалі не выпадкова. Проста трэба было некага выключыць, таму абіралі людзей, у якіх найменш падставаў знаходзіцца ў спісе.

"Відавочна, што ЕС і Беларусь маюць пэўную дамоўленасць па нармалізацыі адносін, бо выкрэсленне адбылося вельмі хутка пасля вызвалення Бяляцкага. Бакі робяць крокі добрай волі. Чаму менавіта іх? Адназначна, была дыскусія ў працоўнай групе Савета ЕС, каго выключаць, і там прыводзіліся нейкія аргументы. Не думаю, што выкрэслівалі выпадкова, думаю, былі нейкія аргументы".

Праўда, патлумачыць гэтую "унутраную кухню" Савета ніхто дакладна не можа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі