Былы трэнер мінскага “Дынама” ўзначаліў “Крумкачоў”

Футбольны спецыяліст Алег Дулуб стаў новым трэнерам сталічнай каманды “Крумкачы”, якая выступае ў Першай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе.

Сёння новага настаўніка прадставілі камандзе падчас трэніроўкі, перадае by.tribuna.com. 49-гадовы Дулуб восенню 2014 года даволі нечакана пакінуў мінскае “Дынама”, дзе працаваў асістэнтам тагачаснага галоўнага трэнера Уладзіміра Жураўля.

У мінулым прафесійны футбаліст, Дулуб пагуляў акрамя Беларусі ў шасці краінах — Польшчы, Расіі, Чэхіі, Латвіі, Кітаі (станавіўся чэмпіёнам) і Фінляндыі. З 2001 года спецыяліст займаецца трэнерскай дзейнасцю. За гэты час ён папрацаваў у шасці клубах вышэйшай лігі — "Тарпеда" з Жодзіна, "Мінску", "Віцебску", "Гомелі", "Нёмане" і "Дынама-Мінск".

Футбольны клуб “Крумкачы” быў заснаваны ў 2011 годзе і напачатку выступаў у аматарскім турніры. У сезоне 2014 года каманда была заяўленая ў другую лігу, дзе, заняўшы 2-е месца, з першай спробы выйшла ў першую лігу чэмпіянату Беларусі. Пасля 4 тураў “Крумкачы” займаюць 14-е месца з 16 камандаў, маючы ў сваім актыве дзве нічыі і два паражэнні.

Фота — dinamo-minsk.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі