Бюджэт пражытковага мінімуму павялічыўся на 5 рублёў 58 капеек
Бюджэт пражытковага мінімуму ў Беларусі 1 лютага павялічыўся на 5,58 рубля, паведамляе БелаПАН. Новы БПМ цяпер складае 180,10 рубля. У адпаведнасці з пастановай Міністэрства працы, такі нарматыў будзе дзейнічаць па 30 красавіка 2017 года.
БПМ змяняецца раз на квартал. Ад пачатку 2016 года ён павялічваўся, але з 1 лістапада зменшыўся на 98 капеек — гэта было патлумачана зніжэннем коштаў на садавіну і гародніну падчас яе масавай нарыхтоўкі.
У сувязі са зменай БПМ ад 1 лютага павялічваюцца і разнастайныя іншыя выплаты: мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі; надбаўкі, павышэнні да пенсій і даплаты; дапамогі па доглядзе інваліда I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту; дапамогі на дзяцей, а таксама іншыя сацыяльныя выплаты, якія вылічаюцца з памеру БПМ.
Змяніліся нормы БПМ і для асноўных сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва. Для працаздольных грамадзян цяпер ён складае 198,63 рубля; для пенсіянераў — 138,80; для студэнтаў — 175,24; для дзяцей да трох гадоў — 116,83; для дзяцей ад трох да шасці гадоў — 160,61; для дзяцей ад шасці да 18 гадоў — 197,40 рубля.