Calyx & TeeBee: Мы хочам, каб рэвалюцыі адбываліся незалежна ад Захаду
Прычым тут рэвалюцыя да дыджэяў? Аказалася, пра яе ёсць што сказаць хэдлайнерам рэйву “Пірацкая станцыя. Рэвалюцыя”.
Еўрарадыё: Скажыце, як вам беларуская версія "Пірацкай Станцыі"?
TeeBee: Цудоўна. Людзі такія цудоўныя тут! Ды мы і не сумняваліся, што будзе менавіта так, бо на іншых "Пірацкіх станцыях", дзе мы гралі — у Расіі, Украiне — паўсюль было фантастычна. Натоўп неверагодны, мы адчувалі, што нас вельмі жадалі паслухаць.
Еўрарадыё: А калі параўноўваць не з Расіяй, а з тым, што зараз адбываецца ў Еўропе?
TeeBee: Драм-энд-бэйс ёсць і быў настолькі моцны ў Еўропе і ў Брытаніі на працягу многіх гадоў, што гэта проста стала неад'емнай часткай моладзевай культуры, штодзённасцю. Мы ўспрымаем гэта, як дадзенае, кожны тыдзень адбываюцца велічэзныя рэйвы, на сцэне — усе дыджэі, якіх толькі можна пажадаць. Але, нягледзячы на гэта, мы любім выязджаць. Напрыклад, да вас, у Мінск — у вас таксама фантастычная атмасфера, мы адчуваем сябе як дома. Увогуле, мы адчуваем сябе як дома паўсюль, дзе выступаем, таму што публіка дорыць нам шмат сваёй любові. І мы вельмі ўдзячныя за гэта.
Calyx: Але вось у Індыі мы сябе як дома не адчулі. Мы проста ў гэтым годзе ўпершыню з’ездзілі ў Індыю. Гэта было ў-а-а-а-ў, быццам высадзіліся на іншай планеце. Там нават натоўп сябе па-іншаму паводзіў. Магчыма таму, што драм-энд-бэйс туды прыйшоў толькі 3 гады таму.
Еўрарадыё: Вы любіце толькі драм-энд-бэйс? Ці здольныя на які новы матэрыял?
TeeBee: Вядома, мы пішам шмат рознага! Проста фішка ў тым, што Calyx & TeeBee, так сказаць, створаны выключна як драм-энд-бэйс праект і мы хочам яго працягваць менавіта ў гэтым накірунку. У будучыні вы можаце чакаць шмат іншых стыляў музыкі ад нас, пад сотнямі іншых назваў, але не Calyx & TeeBee.
Еўрарадыё: І якіх жа стыляў?
TeeBee: Нам патрэбныя прапановы!
Calyx: Мы напісалі вельмі шмат хаўз-музыкі, мы вельмі любім хаўз.
TeeBee: Даўнтэмпа, хіп-хоп — усё, за выключэннем дабстэпу.
Еўрарадыё: На музычных еўрапейскіх фэстах мы пабачылі шмат гуртоў, якія граюць драм-энд-бэйс жыўцом — на інструментах, бубнах, з вакалам. Кшталту Pendulum, Netsky. Чаму вы не ў гэтым трэндзе?
TeeBee: Таму што для гэтага патрэбна перакласці музыку, падагнаць яе пад канцэртны фармат, трэба напісаць цэлы альбом для гэтага новага гурта… А ўвогуле, я лічу, што ўсе гэтыя драм-энд-бэйс “лайвы” — гэта хлусня. Цяпер вельмі шмат музыкаў кажуць, што яны робяць "live", а на самой справе проста стаяць за клавішамі, запускаюць сэмплы і нічога не граюць. Мы не хочам хлусіць пра “лайв”, каб раздзьмуць свой ганарар на 20 тысяч еўра больш. Гэта не пра нас.
Еўрарадыё: Тэматыка сёлетняй “Пірацкай станцыі” — “рэвалюцыя”. Гэтае слова вельмі часта гучыць у сусветных навінах апошнім часам. Як вы ставіцеся да рэвалюцый?
TeeBee: Шчыра? У мяне няма часу глядзець навіны.
Calyx: А ў мяне ёсць.
TeeBee: Ага, таму што адзін з нас працуе, а другі глядзіць навіны.
Calyx: Ладна, у яго проста ёсць сын. А я гляджу навіны, я заўсёды гляджу навіны! Вы хочаце ведаць маё меркаванне пра палітыку? Я лічу, што ўсе рэвалюцыі, якія зараз адбываюцца ў свеце — гэта неверагодна добра, але я хачу, каб яны адбываліся незалежна ад Захаду. Калі гэта рэвалюцыя — няхай яна сабе адбываецца, але я не хачу, каб у гэта былі ўцягнутыя Брытанія ці Амерыка. Я не хачу спансіраваць тых, каго мы лічым добрымі, і выступаць супраць тых, каго мы лічым дрэннымі. Але, аб’ектыўна, зараз палітыка ў росквіце. Магчымыя крокі ў бок вырашэння сітуацыі з Сірыяй, Іран размаўляе з Амерыкай, сітуацыя быццам бы "ОК" у Палестыне... У параўнанні з тым, што было 2 гады таму — ёсць істотныя змены.
TeeBee: А я хачу размаўляць толькі пра плагіны... І яшчэ хачу сказаць, што сапраўдная рэвалюцыя адбываецца зараз унутры нашай студыі, таму што мы запісваем новы альбом!
Calyx: Слушная заўвага! Праўда, гэта будзе крута.