Цэнтр занятасці Гомеля прапануе курсы індывідуальнага прадпрымальніка
У час, калі іпэшнікі ў Беларусі, у сувязі з новымі ўмовамі працы, масава згортваюць сваю дзейнасць, у Гомелі можна прайсці курсы індывідуальнага прадпрымальніка. Навучанне прапануе рэгіянальны цэнтр занятасці насельніцтва.
Прычым, калі навучанне на кухара ці цырульніка доўжыцца паўгода, то індывідуальнага прадпрымальніка абяцаюць падрыхтаваць усяго за пяць дзён. У цэнтры занятасці паведамілі, што ўваходзіць у праграму навучання: коштаўтварэнне, падаткаабкладанне, бізнес-планы і "ўсё астатняе, што датычыцца гэтай дзейнасці". Калі чалавек захоча адкрыць праз службу занятасці ІП, яму абяцаюць субсідыі.
Да навучання запрашаюць беспрацоўных грамадзян, якія стаяць на ўліку цэнтра занятасці і жадаюць адкрыць ІП праз службу занятасці. Субсідыя складае адзінаццаць бюджэтаў пражытачнага мінімуму (каля 17,5 мільёнаў рублёў).