Чачэнцы, якія прарываліся ў Польшчу праз Брэст, разышліся
Каля сотні чачэнцаў, якія два дні стаялі на памежным пераходзе “Брэст” і патрабавалі ад Польшчы прыняць іх у якасці бежанцаў, у выніку разышліся. Вялікая група людзей пакінула месца свайго збору ўвечары 30 жніўня, паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк. Перад гэтым госці з Каўказу накіравалі зварот да чачэнскай дыяспары ў Польшчы, спадзеючыся, што пасля гэтага іх праблема пачне вырашацца.
Удзень 29 жніўня ля памежнага пераходу ў Брэсце сабралася каля 200 чачэнцаў, якія безвынікова спрабавалі перасекчы мяжу праз аўтадарожны пункт пропуску на аўтобусе, а таксама цягніком Брэст — Тэрэспаль.
Гэтыя людзі называлі сябе бежанцамі і заяўлялі, што жывуць у Брэсце некалькі месяцаў і кожны дзень робяць спробы выехаць у Польшчу. Чачэнцы кажуць, што пакідаюць радзіму, бо жыць там немагчыма. Болей за сотню з іх начавалі каля памежнага пераходу.
Ніхто з вялікай групы мігрантаў не быў затрыманы.