Чаго плача Кім Чэн Ын і чаму на планеце так горача – #ІхНоравы

Кім Чэн Ын патрабуе больш нараджаць

Кім Чэн Ын патрабуе больш нараджаць / @rubanau_collage

З гэтага агляду міжнародных навін вы даведаецеся, якія праблемы цяпер цікавяць розныя куткі свету. Еўрарадыё асабліва здзівіў чэмпіянат свету па крыкеце – хацелася б жыць так, каб гэта было адзінай падставай для хвалявання.

Паўночнакарэйскія жанчыны давялі дыктатара да слёз

Лідар КНДР Кім Чэн Ын заплакаў падчас прамовы з заклікам да жанчын больш нараджаць. Гэта быў выступ на Нацыянальным сходзе маці ў Пхеньяне. З вачэй Кім Чэн Ына цяклі слёзы, і ён, не хаваючыся, выціраў іх белай хустачкай.

"Прадухіленне спаду нараджальнасці і добры догляд за дзецьмі – гэта ўсе нашы абавязкі, якія мы павінны выконваць у працы з маці", – цытуе Кіма Daily Mail.

Жанчыны, што прысутнічалі ў залі, плакалі разам з ім.

Таксама лідар заклікаў мацярэй прывіваць дзецям каштоўнасці камуністычнай партыі.

Чаго плача Кім Чэн Ын і чаму на планеце так горача – #ІхНоравы
Дыктатар заплакаў, хвалючыся за тое, каб не вымерла нацыя / Карэйскае нацыянальнае тэлебачанне

Гэта першая за 11 гадоў такая сустрэча з паўночнакарэйскімі жанчынамі. І Кім не схлусіў – сапраўды апошнія некалькі год у Паўночнай Карэі назіраецца зніжэнне нараджальнасці. Сёння насельніцтва КНДР – 25,7 млн чалавек.

Што шукалі ў Вікіпедыі ў 2023 годзе?

Хоць Вікіпедыю – анлайн-энцыклапедыю – і пішуць аматары, што не гарантуе на сто працэнтаў даставернасці дадзеных, да яе штодзённа звяртаюцца мільёны людзей. 

Ну, не будзем нагнятаць інтрыгу: больш за ўсё карыстальнікаў у гэтым годзе цікавіла, што ж такое гэты ChatGPT. Старонку з тлумачэннем, як працуе штучны інтэлект ад кампаніі OpenAI, праглядзелі амаль 50 млн разоў.

На другім месцы – запыты пра смерць вядомых людзей. Напрыклад, зоркі культавага сіткома “Сябры” Мэцью Пэры або дачкі Элвіса Прэслі, актрысы і спявачкі Лізы Мары Прэслі

А вось трэці па папулярнасці запыт нечаканы: чэмпіянат свету па крыкеце-2023, што праходзіў у Індыі. Старонку, прысвечаную гэтым спаборніцтвам, якія нават не суправаджалі гучныя скандалы або рэкорды – праглядзелі больш за 38 млн разоў. 

Чацвёртае і пятае месца – “Індыйская прэм’ер ліга” і “Опенгеймер” (фільм). Таксама людзі цікавіліся персонай навукоўца Опенгеймера, паказанага ў нашумелым фільме, стужкай пра Барбі, спявачкай Тэйлар Свіфт, футбалістамі Крышціяну Раналду і Ліянэлем Месі, чыталі пра Ілана Маска і расійскае ўварванне ва Украіну.

2023 стаў самым гарачым у гісторыі

Гэта абвясцілі на кліматычнай канферэнцыі ААН у Дубаі. Выснову зрабіла Еўрапейская служба па зменах клімату Copernicus. Лістапад стаў шостым месяцам запар, які пабіў усе калі-небудзь зафіксаваныя чалавецтвам рэкорды. Ён быў цяплейшы за самы цёплы лістапад у 2020-м на 0,32 градуса – сярэднясутачная тэмпература склала 14,22 градуса.

«Шэсць месяцаў запар і два сезоны былі новыя рэкорды. Гэты незвычайны лістапад азначае, што 2023 год стане самым гарачым годам з пачатку вядзення ўліку», — сказала намеснік дырэктара службы Саманта Бёрджэс.

А перыяд са студзеня па лістапад гэтага года быў цяплейшы на 1,46 градуса, чым у часы да індустрыялізацыі чалавецтва, і на 0,13 градуса вышэйшы за рэкорд 2016 года.
 

Чаго плача Кім Чэн Ын і чаму на планеце так горача – #ІхНоравы
2023 па гарачыні пабіў усе рэкорды / @CopernicusEU

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі