Прэмія за наведванне пахаванняў і нізкая навучальная паспяховасць — #ІхНоравы
Замежныя навіны
Паспяховасць вучняў у свеце падае, што не перашкаджае жыхарам Нідэрландаў удасканальваць сваю англійскую і нават ведаць гэтую мову лепш за іншых еўрапейцаў. Тым часам у Германіі прэміі атрымліваюць валанцёры, якія ходзяць на пахаванне да адзінокіх людзей. Падрабязней пра гэта і не толькі чытайце ў традыцыйнай рубрыцы Еўрарадыё "Іх норавы".
Палякі будуць патрабаваць аднаўлення дазволаў для ўкраінскіх грузаперавозчыкаў
Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі.
— Мы вельмі рашуча і адназначна будзем патрабаваць [ад Еўрасаюза] аднаўлення транспартных дазволаў для ўкраінскіх кіроўцаў, — кажа кіраўнік урада.
Нагадаем, што з 6 лістапада польскія перавозчыкі заблакавалі тры асноўныя КПП на мяжы з Украінай: "Ягодзін — Дарахуск", "Кракавец — Корчава" і "Рава-Руская — Хрэбене". 23 лістапада да іх далучыўся чацвёрты — "Медыка — Шэгіні". Цяпер украінскія кіроўцы грузавікоў суткамі стаяць у велізарных чэргах.
Усё больш людзей у Германіі памірае ў адзіноце
Нямецкія валанцёры ходзяць на пахаванне да адзінокіх людзей, за што можна атрымаць не толькі падзяку грамадства, але нават прэмію. Сёлета медаля "За заслугі перад ФРГ" быў удастоены валанцёр з сіндромам Даўна, 39-гадовы Ёханес Мезус. За апошнія гады хлопец быў удзельнікам больш за 200 пахавальных працэсій па ўсім Берліне.
Узнагароду ў гонар Міжнароднага дня валанцёрства Мезусу ўручыў прэзідэнт краіны Франк-Вальтэр Штайнмаер.
У свеце падае паспяховасць вучняў
Даследаванне Pisa, якое публікуецца кожныя тры гады (але гэтым разам было адкладзенае на год пасля пандэміі каранавіруса), можна назваць глабальным эталонам, да якога ўважліва прыглядаюцца ўрады.
З 2000 года ў ім ацэньваецца эфектыўнасць сістэм адукацыі па навуковых, матэматычных і чытацкіх навыках 15-гадовых навучэнцаў.
У 2022 годзе ў выкананні заданняў прынялі ўдзел 690 000 маладых людзей з 81 краіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.