Чалы распавёў, ці трэба бегчы ў банкі, здымаць уклады і пераводзіць іх у валюту

Сяргей Чалы / Еўрарадыё
Сяргей Чалы / Еўрарадыё

У апошнім выпуску "Чалы live" незалежны аналітык Сяргей Чалы пракаментаваў словы Паўла Латушкі пра тое, што нібыта Нацбанк запусціў друкарскі станок, а яшчэ размовы, якія з'явіліся ў телеграм-каналах, пра таямнічую эмісію і заклікі "ратаваць тое, што засталося ад рублёвых заробкаў".

На думку Чалага, казаць аб таямнічай эмісіі грунтуючыся на з'яўленні ў банкаматах новых курюр не правільна. А прычын, каб бегчы ў банкі, здымаць рублёвыя ўклады і тэрмінова пераводзіць іх у валюту — няма.

"Пакуль па той статыстыцы, якая ў нас ёсць — а яна даволі аператыўная — няма прыкмет, што нейкая эмісія, а тым больш таемная, адбываецца. Аргументы наконт таго, што ў банкаматах з'яўляюцца новыя грошы, не маюць дачынення да эмісіі, — кажа аналітык. — Наконт заклікаў бегчы і здымаць уклады і закліку "паднаціснем братцы": бываюць моманты, калі паводзіны "ратаваць свае ўклады ў беларускіх рублях і ператвараць іх у валюту" на самой справе з'яўляюцца рацыянальнымі нават не гледзячы на ​​тое, што ў эканоміцы працуюць механізмы зваротнай сувязі. Так, часцяком правакатыўныя паводзіны, — змены курсу, набег на банкі, асабліва калі яны адбываецца ў масавым парадку — здольны зрушваць раўнавагу.

Але працуе гэта ў тым выпадку, калі для гэтага былі фундаментальныя прычыны. Прынцыпова важным момантам з'яўляецца тое, што зарабіць вы можаце на змене цаны толькі ў тым выпадку, калі гэта змена адбываецца не дзякуючы вашым намаганням. Калі вы сваімі здзелкамі, пакупкамі спрабуеце паўплываць на змену курсу, то ў сітуацыі, калі няма фундаментальных прычын для яго змены, усё вернецца назад і вынік вашага трэйду будзе адмоўным".

Чалы кажа, што сітуацыя плацёжнага балансу цяпер такая, што беларускі рубель павінен быць нават трохі мацнейшым, чым ёсць зараз. Слабейшым ​​яго робіць палітычны крызіс і звязаная з гэтым эканамічная нявызначанасць. Па словах аналітыка, у цяперашні час няма сітуацыі, у якой бы тэрмінова трэба было б ратаваць свае ўклады. Масавы паход у банк у дадзены момант Чалы параўноўвае са "спробай упірацца ў пакуль яшчэ моцнае дрэва":

"Ужо ёсць другасныя эфекты прынятых раней рашэнняў — а менавіта рэкапіталізацыя камерцыйных банкаў, а менавіта аперацыі па рэфінансаванню даўгоў буйных дзяржаўных прадпрыемстваў і г.д., — гэта цяпер ужо адбіваецца на інфляцыі і гэта эфект ад старых падзей. Новых мы зараз не назіраем. І з-за таго, што гэтыя дзеянні [забранне ўкладаў і перавод рублёў у валюту — рэд.] будуць контрпрадуктыўныя — яны будуць спробай упірацца ў пакуль яшчэ ў моцнае дрэва".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі