Чалы працягвае запэўніваць, што "рэжыму нанесена смяротная рана". Чаму?
Антыўрадавы плакат / IMAGO STOCK AND PEOPLE/EAST NEWS
Аналітык Сяргей Чалы перакананы, што вяртанне да 8 жніўня 2020 года немагчымае, і лічыць, што смяротная рана рэжыму Аляксандра Лукашэнкі нанесеная. У эфіры Еўрарадыё Чалы спрачаецца са скептыкамі-апанентамі.
"Смяротная рана рэжыму нанесеная, гэта відавочна ўжо ўсім. Ён жа не перамог, гэта ж відаць. Прайшло столькі часу, а ён усё яшчэ знаходзіцца ў рэжыме барацьбы з нябачнымі ворагамі. Рэпрэсіі не спыняюцца, таму што, з аднаго боку, як толькі ты аслабіш іх, усе праявы нязгоды будуць у наяўнасці. А з другога, ужо няма магчымасці спыніць сваіх сілавікоў", — мяркуе Чалы.
Эканоміка знаходзіцца ў крызісе, і, на думку Чалага, чыноўнікі пакуль не разумеюць, колькі ў такім рэжыме могуць праіснаваць бюджэтаўтваральныя прадпрыемствы.
"Гэта ўжо не гніенне, гэта паўнавартасны крызіс, пытанне толькі ў тым, што з ім далей будуць рабіць", — кажа Чалы.
Нацбанк абараняе банкаўскую сістэму, а тыя, хто адказвае за рэальны сектар эканомікі, скардзяцца на адсутнасць крэдытаў.
Чалы кажа, што не трэба чакаць хуткай развязкі — "гісторыя працуе павольна, але незваротна". І не толькі эканоміка і палітыка незваротна змяніліся, але і сам Лукашэнка працуе ў новым устоі.
"Фактычна ў нас цяпер няма палітычнага кіраўніцтва. Таму што ён не можа ўзяць на сябе адказнасць за важнае палітычнае рашэнне, напрыклад у эканоміцы", — тлумачыць свой тэзіс Чалы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.