Чаму цэнтральны праспект у Мінску палысеў: “Расліны загінулі з-за рэагентаў"
На праспекце Незалежнасці ў Мінску зніклі дрэвы: на 20 метрах толькі адно. Дрэваў няма каля плошчы Перамогі, каля ГУМа, на вуліцах Брылеўская і Чкалава: лункі у асфальце пустыя. А паміж лункамі стаяць драўляныя кадкі з невысокімі піхтамі ды ліпамі.
“Узімку чысцяць дарогі, праз рэагенты многія расліны загінулі, іх давялося прыбраць. Каб высадзіць, трэба памяняць грунт, на зіму высаджваць няма ніякага сэнсу. А пасля зімы там уся табліца Мендзялеева”, — тлумачаць у “Зелянбудзе”. Нібыта, дрэвы знішчалі на працягу некалькіх гадоў, уратаваць было немагчыма.
Няўжо замест звычайных дрэваў цяпер ў Мінску проста паставяць кадкі з дрэвамі?
“Кадкі з дрэвамі ставяцца там, дзе немагчыма высадзіць дрэвы па нейкіх прычынах: падземныя камунікацыі, плітка. У гэтым годзе такіх кадак мы выставілі больш”, — кажуць у “Зелянбудзе”.
Аднавіць дрэвы абяцаюць увесну, калі памяняюць грунт, атручаны за зіму рэагентамі.
Такая кадка з дрэвам каштуе ад 220 да 240 рублёў. Найбольш “цягне” сама кадка. Пасадзіць звычайнае дрэўца танней. На сайце дзяржзакупак за тры тысячы саджанцаў хвойных парод прапануюць толькі 25 тысяч рублёў.
Дрэвы ў кадках — добрае рашэнне, але яны ніколі не заменяць звычайныя дрэвы, выказваецца ландшафтны дызайнер і эксперт "Зялёнай сеткі" Ігар Куталоўскі:
“Па памерах дрэва ў кадцы ніколі не будзе такім вялікім, як звычайнае дарослае дрэва. Кадкі ставяць там, дзе шмат асфальту і пліткі. Гэта сродак азеляніць тое, што цяпер не азялененае. Калі граматна прымяняць, то можна зрабіць утульнымі вялікія гарадскія прасторы. Зялёная зона паміж праезнай часткай і тратуарам у Мінску забруджаная салямі настолькі, што там дрэвам складана выжываць”.
Апроч забруджанай глебы, дрэвам ля буйных дарог у Беларусі замінаюць падземныя камунікацыі і лініі электраперадач. Але азеляняць можна па-рознаму.
“Можна пусціць расліны па сценах, можна азеляняць паркоўкі ўздоўж апор, можна рабіць навесы з ліян. Азеляняць можна нават дахі дамоў”, — пералічвае варыянты Ігар Куталоўскі.
Раней Аляксандр Лукашэнка абурыўся сечкай дрэваў у Мінску і запатрабаваў “спыніць гэты разбой”.