Чаму парламент Арменіі прагаласаваў супраць Пашыняна

Фота: Ліліян Галсцян, JAMnews
Фота: Ліліян Галсцян, JAMnews

JAMNews

Нацыянальны сход Арменіі прагаласаваў супраць кандыдатуры апазіцыянера Нікола Пашыняна на пасаду прэм'ер-міністра. Лідар усенароднага руху не атрымаў галасоў большасці дэпутатаў, каб стаць кіраўніком дзяржавы.

Тры з чатырох парламенцкіх сіл прагаласавалі за кандыдатуру Нікола Пашыняна. Але іх галасоў было недастаткова. Кіраўнічая большасць прагаласавала супраць, і ў выніку Пашынян атрымаў 45 галасоў "за" і 56 — "супраць".

Паводле канстытуцыі, праз сем дзён у парламенце мусіць прайсці яшчэ адно пасяджэнне, на якім зноў будзе вырашацца пытанне, хто будзе прэм'ер-міністрам Арменіі. Парламенцкія фракцыі будуць мець магчымасць вылучыць сваіх кандыдатаў. Калі і на другім этапе прэм'ер не будзе абраны, Нацыянальны сход будзе распушчаны і будуць прызначаныя пазачарговыя парламенцкія выбары.

Пакуль невядома, будуць іншыя фракцыі вылучаць сваіх кандыдатаў ці Нікол Пашынян застанецца адзіным прэтэндэнтам на гэтую пасаду.

Пасля галасавання Нікол Пашынян адправіўся на плошчу Рэспублікі, дзе яго чакалі тысячы прыхільнікаў. Яны адсюль, з галоўнай плошчы Ерэвана, сачылі за шматгадзінным абмеркаваннем у парламенце. Лідар апазіцыйнага руху заклікаў людзей 2 траўня з самай раніцы працягнуць акцыі непадпарадкавання.

Яны пачаліся 13 красавіка як пратэст супраць кіраўніцтва краінай Сержам Саргсянам, які ўжо дзесяць гадоў быў прэзідэнтам Арменіі. Затым акцыі пратэсту перараслі ў магутны шматтысячны рух, які змагаецца супраць кіраўніцтва краінай Рэспубліканскай партыяй Арменіі, лідарам якой з'яўляецца Серж Саргсян. З красавіка Арменія цалкам перайшла да парламенцкай формы кіравання. А большасць у парламенце складаюць дэпутаты Рэспубліканскай партыі.

 

Чаму парламенцкая большасць прагаласавала "супраць"

Падчас парламенцкіх абмеркаванняў дэпутаты ад кіраўнічай партыі сцвярджалі, што падыходы Нікола Пашыняна да пытанняў унутранай і замежнай палітыкі, па сутнасці, не адрозніваюцца ад палітыкі дзейных уладаў. Больш за тое, рэспубліканскія дэпутаты палічылі, што ў выпадку абрання Нікола Пашыняна ў краіне можа паглыбіцца крызіс.

"Якую б кнопку мы ні націснулі — "за" ці "супраць", усё роўна нам несці адказнасць. Гэта небяспечна", — заявіў дэпутат Карэн Бекаран.

Многія з прадстаўнікоў РПА заявілі, што Нікол Пашынян не можа быць прэм'ер-міністрам, бо ў яго недастаткова досведу. На іх думку, ён добра сябе праявіў на плошчах, выступаючы перад народам, у парламенцкіх дэбатах, на інфармацыйных пляцоўках, але яшчэ не моцны ў сферы геапалітыкі.

"Вы сказалі "адкінем Сержа Саргсяна" — ён сышоў. Адпрэчылі Карэна Карапецяна [прэм'ер-міністр Арменіі з 2016 па 2018 год, часовы выканаўца абавязкаў прэм'ера пасля адстаўкі Сержа Саргсяна — JAMnews] — і ён сышоў. Мы не сталі вылучаць свайго кандыдата, але краіне патрэбная апазіцыя, плюралізм, магчымасць рэалізацыі свабоды. Дэмакратыя не ўсталёўваецца таталітарнымі праявамі. Не хачу, каб Пашынян, які стаў армянскім Мандэлам, раптам стаў апошнім прэм'ер-міністрам Арменіі", — падкрэсліў дэпутат ад РПА Армен Ашацян.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі