Чаму забілі Барыса Нямцова? Версіі прыхільнікаў і апанентаў палітыка
Большасць паплечнікаў расійскага апазіцыянера называюць забойства палітычным. Апаненты лічаць правакацыяй і вінавацяць Вашынгтон і Кіеў.
Напярэдадні антыкрызіснага маршу “Вясна”, які мусіў адбыцца ў расійскай сталіцы 1 сакавіка, у цэнтры Масквы быў забіты адзін з арганізатараў акцыі, вядомы расійскі апазіцыйны палітык Барыс Нямцоў. Еўрарадыё сабрала версіі забойства Нямцова ад яго паплечнікаў і палітычных апанентаў.
Міхаіл Касьянаў і Барыс Нямцоў
Міхаіл Касьянаў, палітык:
“Я не думаю, што гэта звязана з маршам. Гэта звязана з тым, што Барыс бескампрамісна ўсе гэтыя гады выкрываў ўсё, што адбываецца ў краіне, звязанае з уладай, вышэйшай уладай, сярэдняй уладай, рэгіянальнай, муніцыпальнай уладай ці з нейкім крыміналам. Барыс быў рупарам праўды. І застрэлілі яго за праўду, а не ў сувязі з нейкімі падзеямі. Гэта відавочна. Забойства носіць не правакацыйны характар. Можна на сваю карысць інтэрпрэтаваць што заўгодна. Гэта не правакацыйны характар, а расправа. Нічога іншага сказаць нельга на гэтую тэму. Расправа дэманстратыўная. Прычым, не дзе-небудзь, а ля крамлёўскіх сцен”.
Глеб Паўлоўскі, палітолаг і журналіст:
“Той, хто едзе не куды-небудзь, а на Красную плошчу, забіваць былога члена ўраду РФ, твар апазіцыі – пад ліхтаром і відэакамерамі ля сцен Крамля, якіх там сотні наторканы – праводзіць палітычную дэманстрацыю. Гэта зварот да краіны і да ўлады, не слабейшы за прэзідэнцкі зварот. Не пачуць яго і не адказаць на яго – будзе сабе даражэй”.
Генадзь Зюганаў, палітык-камуніст:
"Ёсць сілы, якія зацікаўленыя максімальна абвастрыць сітуацыю. Неабходна тэрмінова раследаваць тое, што адбылося. Гэта правакацыя, для вялікіх пажараў патрэбныя сакральныя ахвяры, і менавіта так, з правакацый, пачыналіся многія сусветныя няшчасці".
Барыс Нямцоў і Ілля Яшын
Ілля Яшын, кіраўнік маскоўскага аддзялення РПР-Парнас:
“Калі гэта і правакацыя, то гэта правакацыя супраць усёй нашай краіны і ўсіх яе грамадзян у тым сэнсе, што гэта несумненнае палітычнае забойства, якое звязана з яркай апазіцыйнай дзейнасцю Барыса Нямцова. Гэта спроба запужаць усіх людзей, якія прытрымліваюцца іншага пункту гледжання на тое, што адбываецца ў нашай краіне. Гэта спроба нагнаць жывёльны жах на тых людзей, якіх прынята называць нязгоднымі і іншадумцамі. Гэта спроба прымусіць іх затнкуцца, з’ехаць з краіны. І я вельмі спадзяюся, што мэты гэтых забойцаў і іх заказчыкаў не будуць дасягнутыя, і нам усё ж атрымаецца пабудаваць тую краіну, за якую Барысу Нямцову было б не сорамна”.
Юры Лужкоў, былы мэр Масквы:
“Я не думаю, што гэта палітычнае заказное забойства. Я думаю, што там трэба шукаць прычыны, звязаныя з асабістым жыццём. У палітычным плане Нямцоў, як балбатушка, не быў небяспечны для ўлады, таму я думаю, тут трэба шукаць больш бытавы след альбо след, звязаны з яго прыгодамі”.
Віктар Ярафееў, пісьменнік:
“Сама абстаноўка ў краіне стрэліла ў Бору. Яна так накалілася нянавісцю, да такой ступені, што стрэліла ў Барыса. І не трэба тут нічога прыдумляць і гаварыць, што гэта нехта ці нешта. Гэтага не магло б адбыцца, калі б з тэлевізара і з газетаў не цякла гэтая нянавісць”.
Канстанцін Баравы, палітык, старшыня партыі “Западны выбар”:
“Забіты Барыс Нямцоў. Няма сумневу, што гэта рэха вайны ва Украіне. Адмарозкі-нацыяналісты ў нямоглай злосці, ап'янелыя ад беспакаранасці пачалі тварыць свае брудныя справы ўжо і ў Маскве. Галоўны матыў забойства – страх злачынцаў, што абавязкова прыйдзецца адказваць за свае злачынствы. Заігрыванне з нацыяналізмам і з нацыяналістамі, усё роўна, ці займаецца гэтым улада ці апазыцыя – гульня з агнём”.
Сяргей Фяфелаў, блогер:
“Забойства палітыка ў сталіцы, навідавоку – гэта гульня на паніжэнне. Не істотна зусім, хто забіў і ў чыіх інтарэсах. Істотны сігнал МОЖНА. У Кіеве таксама спачатку неахвотна забівалі, а потым прывыклі, і сёння 50-60 тыс. загінулых нікога не здзівяць. Гэта стала штодзённасцю. Вось гэта мэта рэзананснага забойства”.
Дзмітрый Гудкоў, палітык:
“Адназначна палітычнае забойства. Нават калі не па замове, то ў выніку той нянавісці, якую прапагандуе наша ўлада”.
Гары Каспараў, спартовец, палітык:
“Барыс быў сапраўдным байцом, і іншага спосабу прымусіць яго замаўчаць гэты баязлівы і злачынны рэжым не знайшоў”.
Ірына Хакамада, палітык:
"Дзікая правакацыя, бязмежжа. Напярэдадні маршу “Вясна”. Падобна да тэрарызму”.
Алег Газманаў, спявак:
“Застрэлілі Нямцова. Усё гэта выглядае як сакральная ахвяра побач з Крамлём напярэдадні маршу апазіцыі. Як боінг для чарговага наезду на Уладзіміра Пуціна”.
Уладзімір Мілоў крайні справа
Уладзімір Мілоў, палітык:
“Я не веру ў "бытавыя" і "крымінальныя" версіі забойства. Такія забойцы выдатна разумеюць пра каго ідзе гаворка, што гэта забойства звышвысокага профілю, што за імі тут жа пачне паляваць ўся каралеўская раць. Я таксама ні секунды не веру ў "мёртвую зону без відэакамер" – я як былы чыноўнік выдатна ўяўляю сабе што гэта за месца, гэта вотчына спецслужбаў".
Леанід Волкаў, палітык:
"Не залежна ад таго, хто фактычна націснуў на курок, калектыўны "Дзмітрый Кісялёў" у асобе усіх сваіх спадарожнікаў, з’яўляецца саўдзельнікам”.
Аляксандр Руцкой, былы віцэ-прэзідэнт Расіі:
“Тое, што адбылося – гэта чыстай вады правакацыя Вашынгтна, Бруселя і Кіева. Барыса і забілі, каб дэстабілізаваць палітычную сітуацыю ў Расіі. Ці адказаў хто-небудзь за растрэл староннікаў Майдана і супрацоўнікаў міліцыі, хаця ўсім вядома, хто гэта зрабіў? Адказаў хто-небудзь за Боінг, за растрэл Марыупаля, Краматорска? Я знаёмы з экспертамі, якія гэта раследуюць. Гэта чыста палітычная замова. Барыса я добра ведаю – ён не прыхільнік начных шпацыраў у такое надвор’е. Таму мы мусім правесці раследванне і паказаць усяму свету, хто зрабіў такую подласць”.
Паводле сацыяльных сетак і матэрыялаў тэлеканала "Дождж"
Фота: discussiya.com, ria.ru, lenta.ru, kursktv.ru, politikum.in.ua, polit.ru, joinfo.ua, www.kleo.ru, www.democrat-info.ru, www.aif.ru, www.ntv.ru, ozonline.ru, minval.az.