Чаму журналісты не могуць не пайсці на прэс-канферэнцыю Бабіча пра Крым
Міхаіл Бабіч і беларускія журналісты / sputnik.by
Раніцай 18 сакавіка ў Мінску пройдзе прэс-канферэнцыя пасла Расіі Міхаіла Бабіча, прысвечаная 5-годдзю "Крымскай вясны". Грамадскія актывісты заклікалі журналістаў праігнараваць гэтую прэс-канферэнцыю. Маўляў, хай Бабіч зойдзе ў залу і ўбачыць, што ён там адзін. Тады ён, напэўна, падумае перад тым, як у наступны раз без павагі выказацца пра Беларусь.
У ахвочых абвясціць Бабіч байкот ёсць яшчэ шмат довадаў. Напрыклад:
— гэта ж будзе так прыгожа!
Для грамадскага актывіста, можа быць, і прыгожа. Але з пункту гледжання журналіста — непрафесійна. "Прафесійныя СМІ не павінны гуляць у палітычныя гульні, яны павінны асвятляць падзеі, якімі б яны ні былі. Мне здаецца, гэта відавочна", — напісала ў адным ФБ-трэдзе рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына. Тут, шчыра кажучы, нават дадаць няма чаго.
— добра, але мы цудоўна ведаем, што скажа на прэс-канферэнцыі Бабіч. Навошта туды хадзіць?
Не, мы не ведаем, што ён скажа. Мы мяркуем, таму што мы ўжо чулі яго адказы на самыя розныя пытанні. Але журналістыка — гэта не пра "мяркуем". А пачуць, што на гэты раз скажа Бабіч, мы зможам толькі калі прыйдзем на прэс-канферэнцыю.
— калі журналісты пойдуць на прэс-канферэнцыю, гэтым скарыстаюцца ў прапагандысцкіх мэтах.
І тут ёсць нюанс. Напрыклад, "русафобскімі" на прэс-канферэнцыі пра анэксію Крыма можна абвясціць любый пытанні, не звязаныя непасрэдна з яе тэмай. Але скарыстацца сітуацыяй можна будзе, нават калі журналісты праігнаруюць мерапрыемства. Пустая зала на прэс-канферэнцыі амбасадара Расіі стане чарговай нагодай для заяў аб "русафобіі" ў Мінску. Вам гэта трэба? Гэта сапраўды прынясе карысць Беларусі?
— але мы супраць таго, каб прэсай маніпулявалі!
Цікава, а што вы самі спрабуеце рабіць, калі пішаце каментары ў стылі "з тымі, хто пойдзе на прэс-канферэнцыю, усё ясна — гэта агенты Масквы". Не думалі пра гэта?
— нават дзяржаўныя СМІ не будуць акрэдытоўвацца на гэтую прэс-канферэнцыю!
А вось тут цікава. Навіна пра тое, што журналісты дзяржСМІ "не пойдуць на Бабіча", падагрэла прыхільнікаў байкоту. Але ці не ёсць сам факт з'яўлення гэтай навіны спробай паўплываць на сітуацыю (і маніпуляваць вамі)? Давайце разбярэмся.
Інфармацыю пра тое, што беларускім дзяржСМІ забаронена акрэдытоўвацца на прэс-канферэнцыю Міхаіла Бабіча, апублікавала расійская радыёстанцыя "Говорит Москва" — "са спасылкай на крыніцу ў адной з рэдакцый". Навіну радасна падхапілі вялікія телеграм-каналы накшталт "Беларусь галаўнога мозга". А можа, і самі аднекуль даведаліся, бо спасылкамі на крыніцы яны часта грэбуюць.
І вось, журналісты дзяржаўных СМІ трапілі ў пастку. Я б сказаў, што ў іх зараз і выбару-то няма: на прэс-канферэнцыю давядзецца схадзіць. Бо іх адсутнасць толькі пацвердзіць тое, пра што піша "Говорит Москва":
а) у Беларусі чыноўнікі загадваюць журналістам, што рабіць;
б) у Беларусі чыноўнікі ад медыя аддаюць адкрыта русафобскія распараджэнні.
І як потым з такімі беларускімі чыноўнікамі будаваць Саюзную дзяржаву?
Вось такая двуххадовачка.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.