"Чарнобыльская смерць" папярэдзіла мінчукоў супраць новай АЭС (фота)
25 красавіка ў цэнтры Мінска анархісты правялі антыядзерную акцыю. Як паведамляе сайт pramen.io, акцыю зладзілі напярэдадні 30-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, каб нагадаць пра катастрафічныя наступствы аварыі і пра будаўніцтва АЭС у Астраўцы.
Некалькі чалавек у касцюмах смерці, якія сімвалізуюць наступствы аварыі на ЧАЭС, раздалі ў цэнтры Мінску каля 200 улётак "Чаму анархісты супраць АЭС".
Яны лічаць, што замест АЭС трэба развіваць працу з ўзнаўляльнымі крыніцамі энергіі. Атамную энергетыку актывісты называюць цэнтралізаваным і грувасткім спосабам вытворчасці энергіі. Дэмантаж АЭС пасля заканчэння тэрміну эксплуатацыі, падкрэсліваюць яны, запатрабуе гіганцкіх выдаткаў. Акрамя таго, яны мяркуюць, што "мірны атам" у любы момант можа стаць нямірным і прынесці Беларусі мноства праблем. У якасці прыкладу спасылаюцца на Іран і Паўночную Карэю.
Акцыя абышлася без затрыманняў.