Чатыры гады ўзмоцненага рэжыму за барыкады каля гандлёвага цэнтра "Рыга"
Заводскі суд Мінска 2 красавіка асудзіў 26-гадовага Ігара Рудчыка на чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу), паведамляюць праваабаронцы "Вясны".
Справу разглядала суддзя Алена Капцэвіч.
Згодна з абвінавачаннем, увечары 10 жніўня Рудчык удзельнічаў у масавых беспарадках каля гандлёвага цэнтра "Рыга" на перакрыжаванні вуліц Сурганава-Куйбышава-Бяды. Нагадаем, што гэта была адна з самых гарачых кропак паслявыбарнага Мінска
Следства сцвярджае, што хлопец майстраваў барыкады, разбіраў тратуарную плітку, уздымаўся на барыкадыаў, біў палкай па сметніку, залазіў на апору дарожнага знака. Акрамя таго ён нібыта нецэнзурна выказваўся і агаляўся: здымаў цішотку і махаў ёй наверсе барыкадаў.
Сярод доказаў — фотаздымкі, дзе мужчына, падобны да Рудчыка, трымае драўляную палку і б'е па барыкадах. Таксама ў справе фігуруюць скрыншоты з сацыяльных сетак, навіны з разнастайных парталаў. Падчас ператрусу дома ў палітвязня забрана не было нічога.
Рудчык прызнаў удзел у мерапрыемстве, уздыманне на барыкады. Аднак ён заявіў, што не перашкаджаў міліцыянтам і не рабіў барыкады. Адмовіў Рудчык і ўдзел ва ўзброеным нападзе. У сваім апошнім слове ён папрасіў прабачэння за зробленае.
Адвакатка падкрэсліла, што яе падабаронны не цікавіцца палітыкай і не ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, таму справу нельга трактаваць як палітычную.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.