БАТЭ перамог мінскае “Дынама” — 2:1 (відэа, статыстыка, каментарыі)
За тры туры да заканчэння чэмпіянату барысаўчане адарваліся ад сталічнага клуба на 4 ачкі.
Мінскае “Дынама” не здолела на сваім полі перайграць барысаўскі БАТЭ, прайграўшы з лікам 1:2. Матч, які многія эксперты назвалі залатым, не атрымаўся відовішчным. Каманды гулялі даволі закрыта і асцярожна, без вострых момантаў каля варот.
Статыстыка матча
|
||
Дынама |
|
БАТЭ |
1 |
Галы |
2 |
11 (3) |
Удары (у створ) |
2 (2) |
4 |
Вуглавыя |
4 |
0 |
Оф-сайды |
2 |
8 |
Фалы |
10 |
2 |
Жоўтыя карткі |
1 |
0 |
Чырвоныя карткі |
0 |
Першы гол у матчы здарыўся на 69-й хвіліне. Абаронца БАТЭ Анры Хагуш сольна прайшоў да штрафной мінчан і прабіў. Мяч зрыкашэціў ад гульца “Дынама” у дальні ад Ігнатовіча вугал. Праз 5 хвілін барысаўчане павялічылі перавагу. Пасля падачы вуглавога капітан мінчан Ігар Стасевіч няўдала пракідвае мяч проста на ход Дзяніса Палякова. Абаронца БАТЭ як і ў матчы з “Атлетыкам” закрывае дальнюю штангу і забівае фактычна ў пустыя вароты.
На апошніх секундах матча “дынамаўцы” здолелі забіць гол прэстыжу. У штрафной БАТЭ збілі Фігірэда. Суддзя прызначыў пенальці, які бездакорна рэалізаваў Неманя Нікаліч.
“Добра пачалі другі тайм, пайшлі моманты, — каментуе вынік сустрэчы галоўны трэнер “Дынама” Уладзімір Журавель. — Трэба аддаць належнае, што БАТЭ ўмее забіваць з тых нешматлікіх момантаў. Першы гол кур’ёзны, другі — страта па зоне. БАТЭ ўмее выкарыстоўваць памылкі”.
Да заканчэння чэмпіянату засталіся тры туры, у якіх абедзве каманды могуць максімальна набраць па 9 ачкоў. Для чэмпіёнства БАТЭ, які ўсе апошнія гульні правядзе на хатняй арэне, дастаткова выйграць два матчы з трох. Уладзімір Журавель, між тым, лічыць, што шанцы ў “Дынама” па-ранейшаму застаюцца.
“Рэальна ўсё. 4 ачкі нас раздзяляюць. Яшчэ 3 туры, а гэта 9 ачкоў. Таму будзем гуляць да канца. Зразумела, што гэта не той вынік, на які мы разлічвалі. Для барацьбы за золата была патрэбная перамога”.
Трэнер БАТЭ Аляксандр Ермаковіч пасля матча быў стрыманым. Ён адзначыў, што цяпер усе думкі пра данецкі “Шахцёр”, з якім гуляць на наступным тыдні.
“Вельмі напружаная, цяжкая гульня, якая нам вельмі цяжка давалася. Але хлопцы праявілі волю і цярпенне, своечасова забілі гол, адчулі ўпэўненасць і давялі матч да патрэбнага выніку. Сёння для нас быў вельмі важны добры вынік, мы яго дабіліся, і я ўдзячны хлопцам за гэты характар, які яны праявілі. Мы рыхтуемся да наступнай гульні з данецкім “Шахцёрам”, чэмпіянат для нас адыходзіць крыху ў паўзу. Да канца яшчэ тры туры, таму нічога не зразумела. Пакуль ёсць тэарэтычныя шанцы, мы яшчэ нічога не вырашылі, таму будзем сур’ёзна рыхтавацца”.
Такім, чынам пасля сённяшняга матча ў БАТЭ 64 ачкі і першае месца ў турнірнай табліцы. У “Дынама” па-ранейшаму — 60 балаў і другі радок.