ЧБ па футболе: “Шахцёр” перамог “Нафтан”
20 верасня пачаўся 24-ты тур чэмпіянату Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі.
Ключавым матчам сённяшняга дня быў паядынак паміж салігорскім “Шахцёрам” і наваполацкім “Нафтанам”, якія прэтэндуюць сёлета на бронзавую ўзнагароду першынства. Матч атрымаўся напружаным, лік быў адкрыты толькі на 82-й хвіліне, калі салігорцы (гаспадары поля) нарэшце паразілі браму гасцей. Яшчэ праз дзве хвіліны гарнякі зноў забілі гол і забяспечылі сабе перамогу. Вынік — 2:0. Паcля гэтай сустрэчы разрыў у ачках паміж “Нафтанам” і “Шахцёрам” скараціўся да двух балаў.
“Дняпро” сёння сціпла перамагло брэсцкае “Дынама” — 1:0, а “Белшына” была мацнейшай за "Слуцк" — 2:1.
У нядзелю, 21 верасня згуляюць “Тарпеда-БелАЗ” і “Гомель”, а таксама “Нёман” і “Мінск”. Завяршыцца тур 22 верасня, у панядзелак — матчам паміж БАТЭ і сталічным “Дынама”.