ЧБ па футболе: “Шахцёр” разграміў мінскае “Дынама” (відэа)
23-і тур чэмпіянату краіны сярод каманд вышэйшай лігі завяршыўся сенсацыяй.
Сталічнае “Дынама” прымала гарнякоў на сваім полі. Пасля ўчорашняй нічыі БАТЭ і “Тарпеда-БелАЗ” дынамаўцы мелі ўсе шансы набраць ачкоў і зноў дагнаць лідара. Аднак сёння быў яўна не іх дзень. Калі ў першым тайме каманды яшчэ намацвалі адна адну, то ў другой палове гульні “Шахцер” пайшоў у атаку: Мікалай Януш забіў ажно тры галы запар, прычым з вельмі малымі інтэрваламі — на 48-й, 49-й і 52-й хвілінах.
Пасля такога хэттрыку ў дынамаўцаў заставалася мала шансаў на выпраўленне становішча. На 60-й хвіліне Павел Вайцэхоўскі забіў у браму “Дынама” яшчэ адзін гол і перамога была практычна забяспечанай. Толькі на 73-й гульні мінчане змаглі забіць гол салігорцам, аднак на хаду гульні гэта не паўплывала. Вынік — 1:4.
У сваю чаргу прэтэндэнт на медаль “Нафтан” разграміў у сябе дома “Гомель” — 5:1. “Нёман” жа разышоўся мірам з “Дняпром” — 1:1.