Чужы сярод сваіх: ветэраны беларускага спецназа адмаўляюцца адзін ад аднаго
Асацыяцыя ветэранаў спецназа “Гонар” трапіла ў цэнтр увагі пасля таго, як былы баец САХР (спецыяльны атрад хуткага рэагавання) Юрый Гараўскі прызнаўся ў датычнасці да выкрадання і забойства апазіцыйных беларускіх палітыкаў у 1999 годзе. Гараўскі назваў 11 былых спецназаўцаў (у іх ліку кіраўнік “Гонара” Дзмітрый Паўлічэнка), якія, па яго версіі, удзельнічалі ў тых злачынствах. Журналісты знайшлі ў сацсетках профілі з такімі ж імёнамі і прозвішчамі — там ёсць фота, якія пацвярджаюць датычнасць гэтых людзей да спецназа.
Раптам высветлілася, што памочнікі кіраўніка “Гонара” Дзмітрыя Паўлічэнкі незнаёмыя паміж сабой, а сам Паўлічэнка то можа, то не можа прыгадаць Гараўскага. Спачатку ён кажа, што ведае такога чалавека, але ў САХР ён ніколі не служыў. Праз 10 хвілін — што не ведае такога байца. У той жа дзень — што ўвогуле нікому не даваў інтэрв’ю. І пасля — што пераблытаў Гараўскага з іншым чалавекам.
Неўзабаве журналісты знайшлі фота, на якім Дзмітрый Паўлічэнка стаіць за трыбунай, а Юрый Гараўскі слухае яго выступ у глядзельнай зале.
Таксама ёсць відэа 20-гадовай даўніны пра працу САХР, у якім Юрый Гараўскі іграе бандыта, што бярэ жанчыну ў закладніцы, а Дзмітрый Паўлічэнка дае каментарый як кіраўнік атрада:
Звярніце ўвагу: відэа апублікаванае 31 сакавіка 2019 года, больш як за паўгода да скандальнага прызнання Юрыя Гараўскага. Быццам бы нехта задоўга да выхаду фільма Deutsche Welle раскладаў “пасхалачкі” для журналістаў, якія захочуць спраўдзіць, ці сапраўды Гараўскі служыў у беларускім спецназе.
Блытаніна адбылася і з памочнікамі Дзмітрыя Паўлічэнкі. 17 снежня Ігар Парэчын, які прадставіўся памочнікам кіраўніка ветэранскай арганізацыі “Гонар”, звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай зладзіць прэс-канферэнцыю. Там Парэчын збіраўся расказаць, што думае пра Юрыя Гараўскага і яго прызнанне.
Але раптам Сяргей Матвіенка — яшчэ адзін чалавек, які прадставіўся памочнікам кіраўніка “Гонару”, — заявіў, што такога чалавека, як Ігар Парэчын, у ветэранскай арганізацыі ўвогуле няма. А памочнік кіраўніка ў “Гонары” адзін — і гэта ён, Сяргей Матвіенка, а не нейкі Ігар Парэчын. А да кіраўніка Беларусі ветэраны спецназа ўвогуле не звярталіся.
Але Парэчын працягвае настойваць, што ён — памочнік Дзмітрыя Паўлічэнкі.
— Я памочнік Паўлічэнкі. У мяне ёсць першае пасведчанне, другое… Першае — я быў проста сябрам асацыяцыі. Цяпер я памочнік. Я магу гэта лёгка даказаць. Там ёсць другі памочнік, якога мы з Паўлічэнкам прызначалі. А тое, што ён не ведае мяне і гаворыць… Яшчэ справы не прыняў. А ў асацыяцыі 24 тысячы чалавек.
— А як прозвішча памочніка?
— Сяргей, на “М” прозвішча... Не ведаю, чаму такія заявы. Хачу датэлефанавацца да Паўлічэнкі, але ён не здымае трубку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.