"Чым больш незалежных пляцовак у Магілёве, тым больш дабра будзе ўсім"

"Чым больш незалежных пляцовак у Магілёве, тым больш дабра будзе ўсім"

Адзін з адміністратараў грамадскай пляцоўкі "Кола" ў Магілёве Дзяніс Васількоў распавядае Еўрарадыё пра грамадскае жыццё ў горадзе і недзяржаўную дзейнасць у нашай краіне.

У 1995 годзе была заснавана арганізацыя "Кола сяброў", якая займалася падтрымкай недзяржаўных арганізацый у Магілёве і вобласці і дапамагала культурным ініцыятывам. Уласна цэнтр "Кола" пачаў дзейнічаць у 2005 годзе. Адным з яго заснавальнікаў быў бацька Дзяніса Васількова. 

"Калі гэта ўсё пачыналася, то я быў вельмі-вельмі малы. Таму сказаць, на колькі такая арганізацыя была запатрабаваная ў 1994 годзе, я не магу. Але вось цяпер, з улікам узросту, то, мне падаецца, што на той час, такія ініцыятывы ўзнікалі ў больш вольны, свабодны час, і гэта было нармальна. А таму такія цэнтры былі натуральнай з'явай і ўзнікалі па ўсёй Беларусі. Не ведаю пра лёс астатніх арганізацый такога кшталту, але вось наш Цэнтр існуе з 1995 года. Створаны ён для таго, каб у людзей была пляцоўка: месца, дзе яны б маглі сабрацца". 

Толькі за мінулы год тут адбылося больш за 200 культурніцкіх сустрэч, канцэртаў, мерапрыемстваў. Як прадстаўнік новага пакалення ў грамадскай пляцоўцы "Кола", Дзяніс перакананы, што існаванне такой прасторы да гэтага часу актуальна:

"На мой погляд, чым больш незалежных пляцовак у Магілёве, тым больш будзе дабра ўсім. Бо людзі не павінны сядзець у чатырох сценах, у сябе на кухні. Як мне падаецца, людзі павінны абменьвацца думкамі, дзесьці шукаць нешта новае. Хтосьці да нас прыйшоў на моўныя курсы, а цяпер займаецца валанцёрскай справай".

Цэнтр існуе як цалкам прыватная прастора, з дзяржаўнымі структурамі актыўнае супрацоўніцтва не вядзецца.

"У цяперашнім грамадскім становішчы самая лепшая падтрымка – гэта тое, што нам не перашкаджаюць".

Што да аўдыторыі, то пляцоўку наведваюць вельмі розныя людзі: ад моладзі да старэйшых людзей, якія з ахвотай узгадваюць беларускую мову:

"Да нас прыходзяць вельмі розныя людзі. Падчас навучальнага года да нас прыходзіць вельмі шмат студэнтаў. Шмат з іх даведаліся пра нас толькі цяпер. Да нас прыходзяць бабулькі, якія ўсё жыццё працавалі на заводзе ці дзе-небудзь, яны з ахвотай вучацца і ўзгадваюць беларускую мову. Да нас прыходзяць даволі дарослыя людзі: выкладчыкі, мастакі, фатографы, журналісты".

Цэнтр "Кола" не акцэнтуе вялікую ўвагу на беларускай мове. Але, нягледзячы на гэта, валанцёры і тыя, хто сюды прыходзіць, пачынаюць размаўляць на роднай мове. 

Неўзабаве цэнтр плануе запусціць пляцоўку "Гіпер Кола", дзе арганізатары плануюць вучыць, вучыцца самім і галоўнае – вучыцца вучыць. Падрабязнасці з'явяцца на старонцы грамадскай пляцоўкі "Кола".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі