Чым лечаць каранавірус у Беларусі і як да гэтых прэпаратаў ставяцца ў свеце
Мінздароўя абнавіла загад аб вядзенні пацыентаў з COVID-19, але падыходы да падбору лекаў не змяніла. Нават з улікам іх спрэчнай рэпутацыі ў развітых краінах. Новую рэдакцыю загада “Аб аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з COVID-19” зацвердзіў в. а. міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.
Еўрарадыё прааналізавала, якімі лекамі ў Беларусі лечаць пацыентаў з COVID-19 і якія звесткі па гэтых прэпаратах ёсць у замежных навукоўцаў.
СААЗ ужо адмовілася ад прэпарату, а Беларусь — не
Адным з асноўных лекаў ад каранавіруса ў Беларусі застаецца гідроксіхларахін — прэпарат, які звычайна выкарыстоўваецца пры малярыі.
Але ў свеце ім перасталі лячыць пацыентаў з каранавірусам яшчэ летам: у канцы траўня СААЗ прыпыніла даследаванні па прэпараце і назвала яго неэфектыўным. Неэфектыўнасць пацверджана вялікім міжнародным даследаваннем “Салідарнасць”, вынікі якога былі апублікаваныя тыдзень таму. Згодна з імі, гідроксіхларахін не змяншае смяротнасць сярод хворых, а таксама не набліжае іх выздараўленне.
Да таго ж Упраўленне па санітарным наглядзе за якасцю харчовых прадуктаў і медыкаментаў (FDA) забараніла выкарыстанне гідроксіхларахіну сярод пацыентаў з каранавірусам не толькі праз адсутнасць эфекту, але ж і па прычыне рызыкі. Аказваецца, прэпарат можа выклікаць праблемы з сардэчным рытмам, што вельмі небяспечна для хворых на каранавірус.
То-бок у развітых краінах ад гідроксіхларахіну папросту адмовіліся, але ж у Беларусі (а таксама і ў Расіі) яго захоўваюць у клінічных пратаколах. Праўда, Мінздароўя ўсё ж крыху зменшыла патрэбную дозу гэтых лекаў: цяпер у дзень іх прапаноўваюць прымаць не 600 мг, а 400 мг. Ужо нешта!
Амаль тое, што трэба
У Еўрасаюзе і ЗША COVID-19 лечаць фавіпіравірам, вядомым яшчэ як "авіган". У Беларусь гэты прэпарат летам пастаўляла Расія — там пачалі яго вытворчасць пад назвай “авіфавір”. Без лішняй сціпласці вытворца адразу паказвае ў інструкцыі на магчымую эфектыўнасць пры каранавірусе.
Паводле навукоўцаў, пэўную эфектыўнасць фавіпіравір мае толькі ў лёгкіх ды сярэдняцяжкіх выпадках праходжання інфекцыі. Але ў Беларусі яго даюць адразу толькі тым, хто знаходзіцца ў сярэдняцяжкім стане. Дарэчы, у адкрытай базе зарэгістраваных у краіне лекаў фавіпіравіру няма.
Некаторыя даследаванні сцвярджаюць, што эфектыўным можа быць і падобны да фавіпіравіру прэпарат рэмдэсевір (ім таксама лечаць у Еўрасаюзе ды ЗША), які ў Беларусі не выкарыстоўваецца. Але ж і гэта вельмі спрэчна: СААЗ, да прыкладу, лічыць, што ягоныя эфекты могуць быць мінімальнымі.
Нешта працуе, нешта — не
Пры пэўных умовах беларускія медыкі лечаць пацыентаў з каранавірусам і тацылізумабам — імунадэпрэсантам, які звычайна даюць хворым на артрыт. Але ж нават вытворцы гэтага прэпарату ўжо заявілі пра тое, што ўжываць яго ў выпадку з COVID-19 амаль бессэнсоўна.
Ёсць у заходніх пратаколах і больш перспектыўны прэпарат — дэксаметазон з класа кортыкастэроідаў. Па выніках даследаванняў, сярод цяжкіх хворых смяротнасць з гэтым прэпаратам змяншаецца на 35%! Было б някепска, калі б лекары да яго прыгледзеліся.
Час ад часу выкарыстоўваюць беларускія лекары і антыбіётыкі — вядома ж, не ад віруса, а дзеля таго, каб да віруснай інфекцыі не далучылася бактэрыяльная. Ёсць у спісе і іншыя "неспецыфічныя" лекі — напрыклад, гепарын для разрэджвання крыві ці парацэтамол ад тэмпературы. Таму пытанне іх выкарыстання ў гэтым сэнсе другаснае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.