Чыноўнік: Калі будзем плаціць 100% за камуналку, нормаў на ваду не будзе
Як вядома, у Беларусі існуе норма на спажыванне вады — 140 літраў на чалавека і норма на электрычнасць — 150-250 кілават у месяц на кватэру.
Да 2016-2017 гг. беларусы павінны пакрываць выдаткі на аказанне камунальных паслуг у 100% памеры. На пытанне Еўрарадыё, як быць з нормамі па вадзе ды электрычнасці, калі насельніцтва будзе аплачваць 100% ад выдаткаў ужо праз два гады? Начальнік упраўлення энергетыкі і навукова-тэхнічнага развіцця Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Вячаслаў Шмідт на гэта заўважыў, што ў ільготных тарыфах і дыфаплаце за святло адпадзе патрэба.
Шмідт: “Гэтая мера была ўведзена, каб знізіць нагрузку на насельніцтва. Пры гэтым гэтую нагрузку браў на сябе бюджэт. Калі 100% дасягнем аплаты за камунальныя плацяжы, то ад гэтай меры адмовяцца. Не будзе яе. Які сэнс, калі чалавек і так будзе плаціць 100% выдаткаў ад сабекошту. То бок усё, што арганізацыя выдаткавала на выраб 1 куба вады, ўсё будзе пакрывацца”.
Пры гэтым, ужо з 2015 года жыхары шматпавярховых дамоў пачнуць аплачваць карыстанне ліфтам у 100% памеры. Зараз цалкам беларусы аплачваюць вываз смецця, а таксама яго перапрацоўку.
Фота — sb.by