Чыноўнік: Забароны на прыватных Дзедаў Марозаў у дзіцячых садках няма
Чыноўнікі не забараняюць дзіцячым садкам наймаць прыватных Дзедаў Марозаў. Раней некаторыя СМІ паведамілі, што імі ў дзіцячых садках могуць быць толькі бацькі навучэнцаў ці супрацоўнікі садкоў. Пра адсутнасць такой забароны, адказваючы на пытанне Еўрарадыё, паведаміла Надзея Вялікая, намесніца начальніка аддзела ідэалогіі і выхаваўчай працы Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама.
Вялікая: "Ніякай забароны няма і не можа быць. Ва ўстановах адукацыі працуюць апякунскія саветы і бацькоўскія камітэты. І перад тым, як прыватная структура захоча правесці нешта і прапануе свае паслугі, яны мусяць звярнуцца непасрэдна да апякунскага савета і бацькоўскага камітэта. Гэта грошы бацькоў".
Чыноўніца адзначае, што на сённяшні дзень дзяржаўныя арганізацыі могуць прафесійна правесці свята. У сістэме адукацыі працуюць 23 установы дадатковай адукацыі. З іх 12 — шматпрофільныя, якія займаюцца святамі.
Фота: БЕЛТА