Чыноўнікі дадуць падатковую справаздачу за непаўналетніх дзяцей
Дзяржаўныя службоўцы з 2016 года абавязаныя даваць больш поўную інфармацыю пры запаўненні дэкларацый аб даходах. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са спасылкай на начальніка галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіла Расольку.
24 студзеня набывае моц новая рэдакцыя закона "Аб барацьбе з карупцыяй". Таму Савет міністраў прыняў 16 студзеня пастанову №19 "Аб некаторых пытаннях дэкларавання даходаў і маёмасці дзяржаўнымі службоўцамі і іншымі катэгорыямі асоб".
Згодна з гэтай пастановай, чыноўнікі, якія займаюць адказнае становішча, будуць падаваць дэкларацыі не толькі на сябе, сваіх мужа ці жонку і паўналетніх дзяцей, якія пражываюць з імі, але і на непаўналетніх. Раней непаўналетнія дзеці ў такія дэкларацыі не ўключаліся.
Таксама чыноўнікі павінны будуць адзначаць маёмасць, якая ім не належыць, але якой яны карыстаюцца больш за паўгода. Яшчэ адно новаўвядзенне: чыноўнікі павінны будуць паведамляць, за кошт чаго набылі маёмасць, названую ў дэкларацыях.
"Асобы, якіх тычацца новаўвядзенні, пералічаныя ў законе аб барацьбе з карупцыяй. Пералік вялікі. Пераважна гэта кіраўнікі і намеснікі кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый", — патлумачыў Расолька.
Калі выявіцца маёмасць якая перавышае прыбыткі, то ў чыноўніка запатрабуюць на працягу 30 дзён патлумачыць яе паходжанне. Яму могуцт прапанаваць добраахвотна перадаць дзяржаве маёмасць на суму, якая відавочна перавышае пацверджаныя даходы, або выплаціць яе кошт.
Зрэшты грамадскасць пра дэкларацыі чыноўнікаў усё адно не даведацца: абнародаванне такіх звестак законам не прадугледжваецца. Нават больш за тое. Як піша "Комсомольская правда", той, хто разгалосіць звесткі пра даходы і маёмасць, нясе адказнасць.