Чыноўнікі не хочуць будаваць дарожку ад дома да метро без інвестыцыйнай праграмы
У канцы лістапада на сайце “Зручны горад” з’явілася петыцыя з просьбай пабудаваць пешаходную дарожку ад станцыі метро “Грушаўка” да дома №11 па вуліцы Шчорса. “Зараз стыхійная сцяжынка пралягае па траўніку і ў перыяд дажджоў ператвараецца ў брудную жыжку”, — красамоўна апісваюць сітуацыю аўтары петыцыі.
Раней жыхары дома звярталіся са сваёй праблемай у "Зелянбуд", але там ім рады не далі. "Уладкоўваць новыя пешаходныя сувязі немэтазгодна, бо раней была пабудаваная пешаходная сувязь, якая забяспечвае праход к дому", — адказалі ў "Зелянбудзе". Тое, што існуючая дарожка — нязручная, вядзе да пустых памяшканняў і практычна не выкарыстоўваецца, чыноўнікаў не збянтэжыла.
У адміністрацыі Маскоўскага раёна пагадзіліся, што пешахожныя дарожкі вакол дома зробленыя не лепшым чынам. “Выяўленыя няўлічаныя праектам недахопы ў частцы арганізацыі пешаходных сувязяў для руху жыхароў да станцыі метро”, — сказана ў іх афіцыйным адказе.
Але проста пакласці плітку ў зручным для людзей месце чыноўнікі не могуць. Каб пракласці новую дарожку для пешаходаў, яе трэба ўключыць… у інвестыцыйную праграму Мінска на 2018 год.
“Можам адно аднаго павіншаваць як мінімум са станоўчым адказам. Зараз будзем чакаць рэальных зменаў”, — аптымістычна каментуе адказ чыноўнікаў адзін са складальнікаў петыцыі Ігар Станкевіч. Колькі часу спатрэбіцца на вырашэнне бюракратычных пытанняў, у адказе на петыцыю не паведамляецца.