Чыноўнікі перадумалі браць са школьнікаў грошы за басейн на фізкультуры

Чыноўнікі перадумалі браць са школьнікаў грошы за басейн на фізкультуры

Пасля публікацыі Еўрарадыё чыноўнікі ў Дзятлаве (Гродзенская вобласць) вырашылі больш не браць грошай са школьнікаў за басейн на фізкультуры. Дагэтуль кожны ўрок плавання, прадугледжаны школьнай праграмай, каштаваў бацькам навучэнцаў 1,5 рубля. І гэта пры тым, што сярэдняя адукацыя у Беларусі — бясплатная!

27 лістапада чыноўнікі Дзятлаўскага райвыканкама не спяшаліся каментаваць сітуацыю. Начальніца аддзела адукацыі Наталля Белавус, як сказалі ў прыёмнай, “цэлы дзень на выездах па школах”. Занятым аказаўся і старшыня райвыканкама Аляксандр Дубавік. А намесніца начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская размаўляць на тэму платных заняткаў для школьнікаў ў Дзятлаве адмовілася: “А чаму я павінна каментаваць па тэлефоне? Адкуль я ведаю, хто вы? Чаму я павінна каментаваць? Звяртайцеся пісьмова”, — адказала чыноўніца.

Чыноўнікі перадумалі браць са школьнікаў грошы за басейн на фізкультуры
Фота: sportedu.by

Праблему не вырашаюць, а шукаюць крайніх

Тым часам урокі плавання ўсё ж зрабілі бясплатнымі. Яшчэ ў панядзелак, калі пра праблему стала вядома ў Мінадукацыі, міністэрскія чыноўнікі казалі, што браць грошы з бацькоў за басейн неправамерна. Але на наступны дзень пасля публікацыі Еўрарадыё пра платныя ўрокі фізкультуры дзятлаўскія чыноўнікі не прыдумалі нічога лепшага, як увогуле адмяніць паходы вучняў у басейн. Пра гэта нам расказаў мінскі настаўнік Сяргей Альшэўскі:

“У Дзятлаве адмянілі ўрокі плавання, пакуль яны [чыноўнікі. — Еўрарадыё] шукаюць рашэнне, — расказаў Еўрарадыё Сяргей Альшэўскі. — З Мінадукацыі прыйшоў адказ, маўляў, калі ёсць умовы для заняткаў плавання, дык браць грошы неправамерна. Але бацькі з Дзятлава мне паведамілі, што плаванне для школьнікаў адмянілі з цікавай фармулёўкай, маўляў, “дзякуючы вашаму Альшэўскаму” цяпер будзеце плаваць у кабінетах”.

Умовы для заняткаў плаваннем у Дзятлаве ёсць. Плаванне — гэта ўвогуле частка школьнай праграмы. Сяргей Альшэўскі накіраваў заяву ў пракуратуру, каб высветліць, за што плацілі бацькі.

“Ніякай дамовы не было, — дадае мінскі настаўнік. — Пры чым тут дзеці да таго, што школа арганізоўвае вучэбны працэс у іншым месцы? У мясцовых чыноўнікаў няма грошай на басейн? Прасіце ў вобласці, адкуль вы фінансуецеся, а не за кошт бацькоў”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі