Літоўскага юрыста асудзілі на 9 гадоў за шпіянаж на карысць беларускага КДБ
Мантас Данелюс
Віленскі акруговы суд асудзіў мясцовага юрыста Мантаса Данелюса на 9 гадоў турмы. Пра гэта стала вядома "Радыё Свабода". Прысуд быў вынесены сёння, 20 верасня. Данелюса абвінавачвалі ў тым, што ён з 2022 года збіраў інфармацыю для беларускіх спецслужбаў і перадаваў звесткі прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай.
У матэрыялах справы гаворыцца, што Лебедзева інструктавала Данелюса, якую інфармацыю збіраць. Яе цікавілі беларускія арганізацыі ў Літве, людзі, якія збеглі з Беларусі ад пераследу, а таксама тыя, хто дапамагаў уцякаць, шляхі эвакуацыі, вучэнні добраахвотнікаў палка імя Каліноўскага, іх узбраенне і ланцужкі паставак. Данелюс прапаноўваў беларускім арганізацыям юрыдычную дапамогу, змог увайсці да іх у давер. Аднак з часам яго пытанні пачалі выклікаць падазрэнні.
Данелюса затрымалі ў верасні 2022 года падчас спробы збегчы ў Беларусь. Тады яго прызналі вінаватым не толькі ў шпіянажы, але і ў спробах уплываць на сведак. Калі яго вызвалілі з-пад арышту да суда, ён напісаў аднаму з актывістаў, што "вострыць сякеру". Пасля гэтага літоўца зноў арыштавалі.
У апошнім слове літовец папрасіў суд апраўдаць яго. Заявы некаторых сведак ён назваў ілжывымі. Данелюс таксама заявіў, што не пагражаў сведку, а выказаў незадаволенасць пазіцыяй беларускіх актывістаў. Пракурор патрабаваў прыгаварыць юрыста да 11 гадоў пазбаўлення волі. Судовы разгляд справы адбываўся за зачыненымі дзьвярыма, але абвяшчэнне прысуду было публічным. Раней Данелюса судзілі па падазрэнні ў фальсіфікацыі дакументаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.