Чыноўнікі сказалі ААН, што дыпмісіі не мяняюць беларусам пашпарты праз санкцыі
Беларускі пашпарт, ілюстрацыйнае фота
Забарона на замену пашпартоў беларусам за мяжой "можа быць часовай". Пра гэта ў ААН заявіла прадстаўніца Беларусі пры арганізацыі ў Жэневе Ларыса Бельская, пішуць праваабаронцы "Вясны".
Дарэчы, прадстаўніца рэжыму Лукашэнкі арыгінальна патлумачыла, чаму амбасады перасталі мяняць пашпарты беларусам за мяжой:
"Звязана гэта ў тым ліку з такімі палітычнымі праблемамі, як увядзенне санкцый супраць Беларусі. Часам мы сутыкаліся з сітуацыяй, калі, прабачце, пашпарты і дакументы, якія пацвярджаюць асобу для людзей, праз санкцыі ЕС ды іншых заходніх краін проста немагчыма даставіць своечасова і ў тэрмін у нашы замежныя ўстановы за мяжой".
Бельская паведаміла, што такая забарона "можа быць часовай і, магчыма, з цягам часу яна будзе адменена. Але цяпер сітуацыя вось такая, і мы дзейнічаем у рамках закона”.
Забарона на абмен пашпартоў у замежных прадстаўніцтвах была ўведзеная ў верасні 2023 года ўказам Лукашэнкі. Мера была скіраваная супраць тых, хто пакінуў Беларусь пад пагрозай палітычнага пераследу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.