Дыпмісіі не будуць выдаваць пашпарты беларусам, якія жывуць за мяжой
Пашпарт грамадзяніна РБ / ganc-chas.by
Выдаваць пашпарты беларусам, якія жывуць за мяжой, будуць органы ўнутраных спраў. У некаторых выпадках з біяметрычнымі дакументамі гэта яшчэ можа зрабіць МЗС. Беларускія дыпмісіі за мяжой больш не будуць дапамагаць у афармленні і атрыманні пашпартоў. Такія змены прадугледжаныя ўказам №278 ад 4 верасня "Аб парадку выдачы дакументаў і ажыццяўлення дзеянняў". Тэкст дакумента з'явіўся на сайце Аляксандра Лукашэнкі.
Reform.by звярнуў увагу, што выдачу і абмен пашпарта "грамадзяніну, які пастаянна пражывае за межамі Рэспублікі Беларусь і знаходзіцца на консульскім уліку", з гэтага часу будуць ажыццяўляць толькі органы ўнутраных спраў па месцы апошняй рэгістрацыі. Дыппрадстаўніцтва або консульства не змогуць падаўжаць тэрмін дзеяння пашпартоў. Першую ID-карту грамадзяніну Беларусі, які пастаянна жыве за мяжой, зможа выдаць і МЗС, але не дыппрадстаўніцтва, дзе грамадзянін стаіць на ўліку. Пры абмене карты або з просьбай выдаць новую пасля страты старой трэба будзе звяртацца ў органы ўнутраных спраў або МЗС.
Выдаваць і абменьваць біяметрычныя пашпарты таксама будуць органы ўнутраных спраў або МЗС. Раней па біяметрычны пашпарт можна было звяртацца і ў дыппрадстаўніцтва або консульства.
Афіцыйнага апублікавання ўказа Лукашэнкі яшчэ не было, гэта значыць, што пакуль ён не набыў моц.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.