Ці адновіць Расія пастаўкі ў Еўропу па трубе "Паўночны паток-1"?

Заўтра пасля рамонту мусяць аднавіцца пастаўкі газу па трубе "Паўночнага патоку". Еўропа баіцца, што гэтага не адбудзецца / pixabay
Заўтра пасля рамонту мусяць аднавіцца пастаўкі газу па трубе "Паўночнага патоку". Еўропа баіцца, што гэтага не адбудзецца / pixabay

Заўтра пасля рамонту мусяць аднавіцца пастаўкі газу па трубе "Паўночнага патоку". Еўропа баіцца, што гэтага не адбудзецца.

Еўрапейская камісія заклікала краіны ЕС на 15% скараціць спажыванне газу да сакавіка наступнага года, піша ВВС. Гэта адбылося на фоне асцярог, што Расія адрэжа ЕС ад паставак па трубе "Паўночны паток-1".

Газаправод "Паўночны паток-1" на мінулым тыдні пайшоў на планавае тэхабслугоўванне. Яно мусіла заняць 10 дзён, і пастаўкі павінны аднавіцца ўжо заўтра, 21 ліпеня. Але Еўропа асцерагаецца, што гэтага не адбудзецца.

Крыніцы Reuters кажуць, што Расія ўсё ж адновіць прапампоўку газу па "Паўночным патоку-1", проста ў меншым аб'ёме.

У Расіі чакаюць турбіну

З сярэдзіны чэрвеня аб'ём прапампоўкі газу па газаправодзе "Паўночны паток-1" скарацілі да 40% ад звычайнага ўзроўню, нагадвае Meduza. У "Газпраме" падзенне паставак патлумачылі тым, што ім не вярнулі турбіну, якую адправілі на рамонт у Канаду. Германія звярнулася з просьбай да канадскіх уладаў вярнуць турбіну, хоць перадача такога абсталявання расійскаму боку забароненая санкцыямі.

Некалькі дзён таму турбіну адправілі "Газпраму". Кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен кажа, што яна прыйдзе ў Расію своечасова, 24 ліпеня. І ўсё ж папярэджвае, што Еўропе трэба быць гатовай да адключэнняў.

Гаворачы пра пастаўкі па трубе "Паўночны паток-2", кіраўніца ЕК сказала, што гэты трубаправод не можа працаваць ні пры якіх умовах.

“Расія нас шантажуе”

Прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі кажа, што Еўропе варта падрыхтавацца да адключэнняў.

"Расія нас шантажуе. Расія выкарыстоўвае энергію як зброю. Таму, у любым выпадку, ці будзе гэта частковае спыненне паставак расійскага газу, ці поўнае спыненне паставак расійскага газу, Еўропа павінна быць гатовая", — заявіла кіраўніца ЕК.

Пасля ўварвання Расіі ў Украіну шэраг краінаў адмовіўся ад паставак расійскага газу, не пагадзіўшыся аплачваць яго на патрабаванне Крамля ў расійскіх рублях. Гэта Польшча, Балгарыя, Нідэрланды, Данія і Фінляндыя.

Аднак іншыя краіны, у тым ліку Германія і Італія, хоць і скарацілі спажыванне расійскага газу, усё яшчэ застаюцца залежнымі ад гэтых паставак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі