Ці гатовы Лукашэнка вызваліць Марыю Калеснікаву — меркаванне Фрыдмана

Марыя Калеснікава

Марыя Калеснікава / facebook.com/maria.kalesnikava

Падчас размовы з журналістам BBC Стывенам Розэнбергам Аляксандр Лукашэнка заявіў, што можа памілаваць палітзняволеную Марыю Калеснікаву, калі яна звернецца да яго з прашэннем, і схлусіў, што сям’я беларускі не цікавіцца яе лёсам.

Палітычны аглядальнік і гісторык Аляксандр Фрыдман у размове з Еўрарадыё паразважаў, чаму гэтая рыторыка Лукашэнкі не дазволіць вызваліць Марыю з турмы. 

“Тут я, шчыра кажучы, на жаль, стаўлюся да гэтай гісторыі скептычна. <...> Марыя Калеснікава — гэта той беларускі палітвязень, які найбольш шчыльна прысутнічае ў публічнай прасторы. Пра яе пісала замежная прэса шмат разоў на мінулым тыдні. <...> Гэта звязана з тым, што няма інфармацыі пра яе. Ёсць розныя <...>  звесткі, якія даходзяць пра яе стан здароўя. Яны, вядома, шакуюць. <...>  На Захадзе менавіта Марыю Калеснікаву лічаць адным з сімвалаў беларускіх пратэстаў дваццатага года. Калі ўзяць адказ Лукашэнкі, то [ён быў] досыць фармальны.

<...> Ён расказаў, што вось, калі ім цікава, яны могуць звярнуцца, і мы гэта разгледзім. І нават калі Розэнбергу цікава, <...> яго прашэнне разгледзяць. Дарэчы, гэта было вельмі добра. Я спадзяюся, што Розэнберг гэта і зробіць. Ён звернецца да Лукашэнкі з просьбай наведаць Марыю Калеснікаву. І вось гэта быў бы сапраўды крок. Паглядзім, як тады беларускія ўлады будуць сябе паводзіць”.

Эксперт лічыць, што ўлады не дазволяць Калеснікавай сустрэцца ні з роднымі, ні з Розэнбергам.

“Канкрэтыкі з боку Лукашэнкі не прагучала. Там не было ніякіх абяцанняў, што ёсць шансы, што мы гэта разгледзім станоўча. Была гаворка толькі пра тое, <...> [што] хай яна напіша гэтае прашэнне, а мы гэта будзем разглядаць. Ну, можна, вядома, інтэрпрэтаваць гэта як сігнал Лукашэнкі, што ён гатовы да перамоваў і ў дачыненні такіх палітвязняў, як Калеснікава. <...> Ён падкрэсліў, што ён з Захадам не будзе размаўляць пра палітвязняў. Мы ведаем нават з той фрагментарнай інфармацыі, якая прыходзіць з заходніх крыніцаў, <...> што размаўляюць яшчэ як, ідуць гэтыя размовы, пытанні падымаюцца. [Але] Лукашэнка кажа, што ён не будзе размаўляць. 

Заходнія эмісары таксама падымалі гэтае пытанне, відавочна. У гэтым сэнсе ён гатовы, вядома, да перамоваў. Я думаю, што, калі яму будзе зроблена адпаведная прапанова, ён можа паразважаць і наконт вызвалення Калеснікавай. Магчыма, перад ім і паставілі вось такую ўмову. <...>  У мяне няма ніякай канкрэтнай інфармацыі. Гэта цалкам тэарэтычнае разважанне. Магчыма, яму сказалі так, што вось, хочаш даверу, хочаш паляпшэння стасункаў — дакажы канкрэтнымі крокамі, вызвалі людзей, вызвалення якіх асабліва чакаюць на Захадзе. Тых людзей, якія вядомыя на Захадзе, вызваленне якіх будзе сапраўды важным крокам. І можна будзе сказаць: “Бачыце, нейкія зрухі ў Беларусі пачынаюцца”. Безумоўна, вызваленне Марыі Калеснікавай было б такім крокам. [Але] пакуль я не бачу ніякіх канкрэтных крокаў у тым кірунку, што гэтае вызваленне адбудзецца, на жаль”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі