Ці можа Беларусь адправіць на Данбас 10 тысяч міратворцаў?

Ці можа Беларусь адправіць на Данбас 10 тысяч міратворцаў?

18 лютага Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю з магчымым удзелам беларускіх міратворцаў ва ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе. Як вядома, з 2014 года на ўкраінскай тэрыторыі існуюць самаабвешчаныя рэспублікі — “ЛНР” і “ДНР”. У апошнія гады буйных баёў там не адбываецца, але людзі працягваюць гінуць з абодвух бакоў. Мяркуецца, што міратворцы зоймуць пазіцыі паміж варагуючымі бакамі, возьмуць пад кантроль мяжу паміж “ЛНР”, “ДНР” і Расіяй, якую ўкраінскія ўлады не кантралююць.

Лукашэнка кажа, што Беларусь гатовая паслаць на Данбас міратворцаў, але калі ў гэтай справе найперш дамовяцца Расія і Украіна. Паводле яго слоў, NATO прапануе ўключыць беларусаў, “таму што ім давярае Расія”. Але пры гэтым беларускі кіраўнік ужо папярэдзіў Уладзіміра Пуціна і Пятра Парашэнку: “вы не разлічвайце на тое, што я чыйсьці буду”.

Аляксандр Лукашэнка назваў лічбу ў 10 тысяч беларускіх міратворцаў, якія маглі стаць “каля мяжы”. Лічба можа быць выпадковая. Вядома, што ў беларускім войску каля 65 тысяч чалавек, але гэта з улікам каля 16 тысяч грамадзянскага персаналу. Атрымліваецца, што калі паслаць 10 тысяч салдат і афіцэраў, гэта будзе кожны пяты вайсковец Узброеных сіл. А міратворцы мусяць прайсці пэўную падрыхтоўку. На сённяшні дзень толькі ў Віцебску ў складзе сіл спецыяльных аперацый ёсць міратворчая рота. І гэта пакуль усё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі