Ці можна ў Беларусі накапіць на альтэрнатыўную пенсію?

Ці можна ў Беларусі накапіць на альтэрнатыўную пенсію?

Высокія пасады, праца на дзве стаўкі ды вялікі заробак не гарантуюць у Беларусі высокую пенсію. Пры ўмове, што вы не ваенны ці былы міністр.

“У нас жа ўраўнілаўка! Прыкладна ўсе тры мільёны атрымліваюць, нехта тры дзвесце”, ― кажуць ў аддзеле кадраў сталічнай паліклінікі.

Ды што аддзел кадраў! Мае бацькі адпрацавалі ў школе па 35-40 гадоў, маюць вышэйшую адукацыю і катэгорыю, заўсёды працавалі больш, чым на стаўку, але цяпер маюць пенсію не больш за тры мільёны!

“Беларуская пенсія — гэта тое ж самае, што і савецкая. Няма накапляльнай часткі, — апісвае экс-міністр працы Аляксандр Сасноў беларускую пенсійную сістэму. — Такая сістэма працуе, калі працуе эканоміка. Калі эканоміка валіцца, такая сістэма перастае працаваць. А падняць пенсійны ўзрост — гэта самае простае”.

Ці можна ў Беларусі накапіць на альтэрнатыўную пенсію?

Сярэдні заробак у Беларусі цяпер 6,9 мільёна. Кожны беларус штомесяц аддае прыкладна 29% ад заробку на ў пенсійны фонд — прычым, адзін працэнт аддае сам работнік, а 28% — працадаўца. У пенсійны фонд штомесяц ідзе каля 2 мільёнаў рублёў, за год — 25 мільёнаў, ці 1440 долараў.

Мяне чакае такая ж пенсія, як у маіх бацькоў. І мяне гэта не задавальняе.

Але ўявім, што я адмаўляюся рабіць адлічэнні ў пенсійны фонд і спрабую самастойна забяспечыць сабе годную стараць.

Вось вам варыянт № 1. Адкладаць у панчоху.

Прайшла тэст ад Еўрарадыё, колькі мне застаецца да пенсіі і колькі пасля. Ю-ху, дык да пенсіі мне яшчэ 24 гады! 

За гэты час калі адкладаць па 25 мільёнаў рублёў за год, атрымаецца 600 мільёнаў, ці амаль 35 тысяч долараў. Па выніках тэста, пасля выхаду на пенсію ў мяне амаль дваццаць гадоў у запасе. На год атрымаецца каля 30 мільёнаў, ці па 2,5 мільёны на месяц да той пенсіі, якую мне будзе плаціць дзяржава, ці 145 долараў. Небагата, але як варыянт можна разглядаць.

Тэст: Колькі вы пражывяце на пенсіі

З гэтай нагоды ― варыянт 2. Дэпазіты рублёвы і доларавы

З мінусаў ― невысокія працэнтныя стаўкі, інфляцыя, а таксама невялікі тэрмін захоўвання грошай. Максімум, на які можна пакласці грошы ― 3 гады да прыкладу, у “Беларусбанку”. З плюсаў: чым большая сума дэпазіту, тым большыя будуць працэнты. Гэты варыянт падыходзіць тым, у каго пенсія зусім хутка, бо немагчыма ў Беларусі пралічыць, якія працэнтныя стаўкі будуць у нашых банках.

Але калі пакласці 25 мільёнаў ці 1453 долары на тры гады пад 26% ці 4,9% калі дэпазіт у доларах, дык праз тры гады атрымаем прыбытак у 55 мільёнаў ці 1577 долараў.

Варыянт 3. Страхавая пенсія

Як кажуць кансультанты страхавой кампаніі, тут варыянтаў маса — можна афармляць рызыку смерці ці інваліднасці, страты працаздольнасці, а можна абысціся голымі накапленнямі, дамову можна афармляць у любой валюце.

Калі мне 30 гадоў і я хачу з рызыкай смерці ці атрымання інваліднасці аформіць пенсію, за 24 гады я павінна буду штомесяц рабіць унёсак па 31 долары ці 531 тысячы рублёў. Сума можа змяняцца ў залежнасці ад таго, якую суму я хачу накапіць на пенсію. Калі дамову заключаць у доларах, праз 24 гады я атрымаю каля 13 тысяч долараў, а калі ў рублях — 721 мільён рублёў.

“У нас няма падатковага вылічэння, таксама свае працэнты, плюс бонусы”, кажа мне кансультант страхавой кампаніі.

А калі захачу забраць грошы да заканчэння дамовы — раптам стрэліць маразм у галаву ў сорак гадоў, пытаюся я.

“Тады страціце 8% ад сумы. А вось калі праз год захочаце забраць суму — тады ўвогуле амаль 100% згубіце”, — безапеляцыйна кажа кансультант.

З плюсаў тут дакладна тое, што ў дамове прапісана, што грошы вы пачняце атрымліваць у 55 гадоў (ці ў 60 для мужчын), і пакуль гэты ўзрост не змяняўся ніякімі дзяржаўнымі законамі. Наступны пункт можна расцэньваць як плюс і як мінус — на працягу 24 гадоў я не атрымліваю ні капейкі, толькі аддаю. З іншага боку, ніводзін банк не бярэ на такі тэрмін грошы на дэпазіт, а ў выніку маёй смерці грошы атрымаюць родныя. Праз 24 гады набяжыць даволі высокая сума ў рублях, у тры разы большая, чым ў доларах, пры суразмерных штомесячных унёсках.

Калі будзе дэнамінацыя?  − што адбудзецца з грашыма?

“Тады і грошы вы атрымаеце дэнамінаваныя”, − кажа кансультант.

Але тут ёсць свая акалічнасць – пры жаданні кліента накопленую суму можна перавесці ў долары па актуальным курсе Нацбанка. 

Вырашаць самому кліенту, якую валюту выбраць, на колькі год і якія рызыкі ўпісваць у дамову, але большасць беларускіх кліентаў давярае замежным валютам.

Вось такія вынікі атрымаліся, калі мае сучаснікі ды я адмовімся ад пенсійных унескаў. Накапіць нават сціплую суму можна проста трымаючы грошы ў панчосе, не кажучы пра больш разумныя ўкладанні. Але ж уладам не так проста пазбавіцца ад ілюзорнасці дапамогі свайму народу ў такой стабільнай сацыяльнай дзяржаве. 

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі