Зарэгістраваць фірму ў Беларусі сапраўды стала прасцей?
За кошт “спрашчэння рэгістрацыі фірм” Беларусь узнялася ў рэйтынгу Doing Buisness 2014. Тым часам ахвочыя адкрыць бізнес вымушаныя стаяць у чэргах.
Згодна з аўтарытэтным рэйтынгам Doing Buisness 2014, які вызначае лёгкасць вядзення бізнесу, Беларусь знаходзіцца на 63 пазіцыі. У мінулым годзе быў спачатку 58, а пасля пераразліку — 64 радок. Мы дасягнулі прагрэсу за кошт “спрашчэння рэгістрацыі фірм” — па гэтай пазіцыі Беларусь узнялася на 5 месцаў. Была 20-я, стала 15-я.
Хочаш адкрыць бізнэс — пастой у чарзе!
Юрыст Кацярына Гамзунава гаворыць, што зарэгістраваць прадпрыемства за апошні год сапраўды стала нашмат прасцей.
“Я працую з вялікай колькасцю нерэзідэнтаў, і калі раней яны чакалі месяц-паўтара, дык сёння дастаткова толькі аднаго дня асабістага ўдзелу — і чалавек атрымоўвае паўнавартасную дзейнічаючую кампанію”.
Эксперт мяркуе, што менавіта гэтая акалічнасць магла паўплываць на рост Беларусі ў рэйтынгу. Але ўжо ўлетку з рэгістрацыяй прадпрыемстваў пачаліся складанасці. Пасля скарачэння чыноўнікаў на 25% жадаючыя адкрыць бізнес зараз вымушаныя выстойваць шматгадзінныя чэргі.
“Раней функцыі рэгіструючых органаў выконвалі раённыя адміністрацыі. Пасля скарачэння чыноўнікаў усё гэта перакінулі на Мінгарвыканкам. І ён не спраўляецца. Не дапамагае нават электронная чарга — яна проста перастала працаваць, яе перасталі ўключаць”.
Doing Buisness праігнараваў нацыяналізацыю “Камунаркі” і “Спартака”?
Цікава, што у агульным рэйтынгу Doing Buisness Беларусь узнялася, нават нягледзячы на фактычную нацыяналізацыю кандытарскіх фабрык “Камунарка” і “Спартак”. Па абароне правоў інвестараў Беларусь апусцілася ў рэйтынгу ўсяго на тры пункты!
Намеснік дырэктара дэпартаменту інвнестыцыйнага банкінгу кампаніі EnterInvest Алег Новікаў гаворыць, што нацыяналізацыя ўсё ж мела негатыўны ўплыў. Але яшчэ больш нас “апусціла” дэвальвацыя 2011 года.
“У мінулым годзе пасля дэвальвацыі нацыянальнай валюты банкі павінны былі даінвестоўваць у капітал. Каб нарасціць аб’ёмы. То бок, людзі інвеставалі, укладвалі ў эканоміку грошы. А потым у сувязі з непрадуманай палітыкай дзяржавы ім прыйшлося ізноў укладваць грошы”.
Паміж Фіджы і Сэнт-Люсіяй
Эксперт дапускае, што ў выпадку новай дэвальвацыі рэйтынг Беларусі ў наступным годзе можа выглядаць нават не так прывабна, як сёлета.
Пакуль жа наша краіна на 63 месцы. Побач з намі Самоа (61 месца), Фіджы (62 месца), Сэнт-Люсія (64 месца), Італія (65 месца). У тройцы лідараў Сінгапур, Ганконг і Новая Зеландыя. На чацвёртым месцы ЗША.
А вось Польшча ад Беларусі адарвалася. Калі ў мінулым годзе наша заходняя суседка была на 55 пазіцыі і апярэджвала Беларусь ўсяго на 9 пунктаў, то сёлета за Польшчай 45 радок. Гэта ўжо на 20 пунктаў лепш, чым у нас.
Фота sellora.com