Ці скарысталася апазіцыя чэмпіянатам, каб расказаць пра палітвязняў?
За 10 дзён першынства палітыкі далі некалькі дзясяткаў інтэрв’ю замежным СМІ, але праз прэвентыўныя затрыманні праводзіць акцыі не адважыліся.
У Мінску апошнімі днямі знаходзяцца тысячы замежнікаў — і хакейныя заўзятары, і журналісты. Ці скарысталася беларуская апазіцыя гэтай магчымасцю, каб данесці да іх інфармацыю аб беларускай рэчаіснасці?
“Натуральна”, — нават крыху здзіўляецца пытанню старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. І расказвае пра кампанію “Fair Play” — фатаграфаванне ў публічным месцы ў адмысловых майках. Дадаткова Лябедзька зрабіў адмысловы ўнёсак.
Анатоль Лябедзька: “Я рабіў прэзентацыю кампаніі “Fair Play” учора ў Гомелі, а перад гэтым — у Вільні. У Вільні былі два велізарныя тэлеінтэрв’ю, якія пайшлі па найбуйнейшых каналах. Я думаю, гэта глядзелі сотні тысяч людзей як мінімум. Я гаварыў пра нашы праблемы, не толькі пра светлыя бакі чэмпіянату, але і пра цёмныя — пра палітычных вязняў. Дык вось, сацыяльныя сеткі (усе фота, зробленыя падчас правядзення кампаніі “Fair Play”, выкладаліся ў сацсетках. — Еўрарадыё) і міжнародны складнік — гэта тое, што мы адпрацавалі, я лічу, вельмі няблага”.
Анатоль Лябедзька падчас прэзентацыі кампаніі “Fair Play” у Вільні
Партыя БНФ вырашыла не падстаўляць сваіх актывістаў ва ўмовах прэвентыўных затрыманняў апазіцыянераў, а запрасіла замежных палітыкаў, каму забаронены ўезд у Беларусь. Ім прапанавалі набыць квіткі на хакей і пранікнуць у Беларусь пад выглядам хакейных фанатаў, расказвае намеснік старшыні партыі Рыгор Кастусёў.
Рыгор Кастусёў: “Некаторыя палітыкі скарысталіся гэтым момантам, і тое, што іх не пусцілі на тэрыторыю Беларусі, стала яшчэ адным пацверджаннем таго, што ў краіне не ўсё так проста, што ў краіне існуе рэжым”.
Еўрадэпутат Марэк Мігальскі
Не менш “актыўна” скарысталася прысутнасцю ў Мінску вялікай колькасці замежнікаў і Беларуская хрысціянская дэмакратыя — раздавалі інтэрв’ю ўсім ахвотным, прызнаецца сустаршыня БХД Павел Севярынец.
Павел Севярынец: “Інтэрв’ю праводзілася з прэсай, якая прыбыла — асабіста ў мяне было некалькі такіх інтэрв’ю. “Маладыя хрысціянскія дэмакраты” шэраг акцый правялі ў падтрымку Васьковіча — гэта было. Але калі сказаць шчыра, то пасля гэтых прэвентыўных затрыманняў практычна кожны беларускі актывіст разумее: крок улева, крок управа падчас чэмпіянату — і ён садзіцца ў найлепшым выпадку на 15 сутак”.
На працу з прэсай зрабілі ўхіл і ў кампаніі “Гавары праўду”, прызнаецца намеснік лідара Андрэй Дзмітрыеў.
Андрэй Дзмітрыеў: “Публічную дзейнасць цяжка весці… Ну, былі добрыя ініцыятывы, якія мы падтрымлівалі: таталізатар, дзе можна было рабіць стаўкі, калі каго затрымаюць ці хто калі выйдзе. Гэта і праца з хэштэгамі — каб на пярэдні план выходзілі навіны, звязаныя з затрыманнем палітыкаў. Ну, і іншыя рэчы”…
Рух “За свабоду” паспрабаваў атрымаць дазвол на правядзенне падчас чэмпіянату масавай акцыі, але ўлады чакана яго не далі, распавядае Еўрарадыё намеснік лідара Руху Юрась Губарэвіч.
Юрась Губарэвіч: “Мы падавалі заяўку на правядзенне “Маршу незалежнасці” — гэта была б добрая нагода, калі б ён быў дазволены, прыцягнуць увагу і замежных гасцей Беларусі. Аднак акцыя была забаронена. Тым не менш, рознымі асабістымі кантактамі мы скарысталіся: у нас была сустрэча з моладдзю з Польшчы, якая прыязджала на чэмпіянат, былі і кантакты з журналістамі замежных выданняў”.
Андрэй Дзмітрыеў (Гавары праўду), Аляксей Янукевіч (Партыя БНФ), Юрась Губарэвіч (За свабоду)
Нагадаем, яшчэ да пачатку хакейнага чэмпіянату былі затрыманыя 27 актывістаў апазіцыі. Цягам спартовага “свята” затрыманні працягваліся.
Фота: www.ctv.by, http://charter97.org/, з архіва Анатоля Лябедзькі