Ці сталі беларусы эканоміць на паліве?
Двое з дзесяці кіроўцаў сталі эканоміць на паліве: змянілі працу ды пераселі на грамадскі транспарт.
"Зажраліся, колькі можна?" — за некалькі гадзін да чацвёртага за год падаражання паліва ў інтэрнэце — сотні падобных каментарыяў.
З 1 кастрычніка паліва падаражэла на 4,9%. З пачатку года, кошт бензіну АІ-92 вырас з 8800 рублёў за літр да 10600. Падлічваю, што поўны бак — 70 літраў 92-га — у студзені абыходзіўся мне ў 616 000 рублёў, а цяпер на 126 000 болей. А вось розніца паміж кастрычніцкім падаражаннем ды вераснёўскім склала для майго бюджэту 35 000 рублёў! Ці варта дзеля трох літраў стаяць у чарзе на запраўцы ды марнаваць час?
І ўсё ж павышэнне коштаў на паліва беларусы сустрэлі асабістымі рэвалюцыямі на кухні ды невялікімі чэргамі на запраўках. Але ці сталі беларусы эканоміць на паліве, калі з пачатку года яно вырасла на 20%!
Аператар запраўкі "Белнафтахіма" Ніна заўважае, што апошні раз чэргі былі перад вялікім падаражаннем на некалькі тысяч рублёў.
"Як запраўляліся, так і запраўляюцца. А куды людзям дзявацца? Машыны ж не папрадаюць, — разважае Ніна. Дзяўчына кажа, што вечарам перад падаражаннем чэргі заўсёды, бо запраўка ў спальным раёне. — Але такога ажыятажу, як было некалькі гадоў таму, калі кошт вырастаў істотна, цяпер няма. Прывыклі да такога падаражання на 300-400 рублёў. Зразумала, народ ехаў болей, чым звычайна. Але ажыятажу не было”.
Дзяўчына параўноўвае таксама і выдаткі на паліва за суткі, месяц і пяць дзён таму. І прыходзіць да высновы, што аб’ёмы не змяніліся! Такая ж сітуацыя і на запраўках сеткі “Юнайтэд Компані”.
“Я, вось, гляджу, у нас як было 15-17-21 тон паліва за апошнія пяць дзён, так і месяц таму”, — кажа мне аператар гэтай сеткі Аляксей.
На стаянцы перад вакзалам “Мінск Пасажырскі” сустракаю кіроўцу Вадзіма на WV. Ён кажа, што пастаянна ў дарозе. Прызнаецца, што нават не ведае, як эканоміць на паліве:
“Мо перастану ездзіць у краму на машыне”, — смяецца Вадзім.
“У беларусаў псіхалогія, менталітэт такі, нават калі падаражэе. У нас спакойна, а даражэе? Дык і ў іншых краінах даражэе”, — мяркуе яшчэ адзін “бамбіла” Валерый. Мужчына кажа, калі кошт на паліва дойдзе да ручкі, купіць іншую, больш эканомную машыну, але ў грамадскі транспарт не перасядзе ні за якія піражкі.
“Гэта брыдка, што падаражэла чацвёрты раз, і прычым, вельмі хутка — меней месяца прайшло. Але я не буду эканоміць. Колькі яно б ні каштавала, нават калі ў тры разы падаражэе паліва, я не перасяду на грамадскі транспарт. Тыя, хто ездзіць, не перасядуць на ровары. Гэта стымул больш працаваць. Калі ўжо эканоміць на паліве, тады трэба і на бутэрбродах эканоміць”, — кажа мне уладальнік “Нісана” Станіслаў. Яго машына есць 15 літраў па горадзе, але мяняць яе Станіслаў не будзе.
А вось паркоўшчык Сяргей на паркоўцы БДУ кажа, што нават змяніў працу з-за таго, што падаражэла паліва.
"Падлічыў, што выходзіць адно на адно і вырашыў, што трэба змяніць працу. На скутары трэба ездзіць", — прапаноўвае паркоўшчык.
Яму пярэчыць студэнтка БДУ Насця. Яна за рулём штодзень, і за год наязджае дзясяткі тысяч кіламетраў.
“Выйсця іншага няма. Я жыву не ў Мінску, не ходзяць маршруткі, аўтобус — раз на дзень. Калі нават я б хацела эканоміць, я не магу!”.
Аляксандр на BMW нават дзеліцца хітрыкамі, як можна зэканоміць на паліве.
“Можна ездзіць не так хутка: напрыклад, на трасе Брэст-Масква дазволеная хуткасць 120, а можна ехаць 100 кіламетраў на гадзіну і вельмі эканоміцца паліва, — Аляксандр дадае, што, магчыма, і сам пераглядзіць сваю манеру язды. — Я, мо, таксама не буду хутка ездзіць, ці на светлафорах трошкі павольней. Усё ж залежыць, як ты ціснеш на педаль газу”.
Сяргея на Ford сустракаю на паркоўцы на вуліцы Карла Маркса. Кажа, што цяпер сапраўды стаў ездзіць на машыне радзей.
"Калі ведаю, што трэба будзе многа перамяшчацца па горадзе, еду на машыне. А калі так, туды-сюды, тады езджу на метро, атрымліваецца эканомія", — кажа кіроўца.
Атрымліваецца, з дзесятка апытаных кіроўцаў толькі двое будуць эканоміць на паліве, калі яго кошт вырасце, як расце долар.
Прывязку да курса долара эканаміст Сяргей Чалы расцэньвае як вельмі зручную прычыну падаражання паліва, якая дазволіць “Белнафтахіму” пры любым раскладзе быць у выйгрышы.
“Белнафтахім нарэшце зразумеў, што нішто так стабільна лінейна не расце, як курс долара, ім такая дынаміка падыходзіць, таму яны вырашылі прывязаць да долара. Гэта пазбавіць іх у будучыні неабходнасці прыдумваць усё новыя і новыя прычыны павышэння цэн на паліва і не будзе выклікаць дадатковага раздражнення ад новых цэнаў. А так, павысіўся долар — і выраслі цэны на бензін”, — кажа эканаміст.