Ці ёсць прынцыповая розніца, хто паедзе на Рыжскі саміт ад Беларусі?
Узначаліць нашу дэлегацыю на саміце Усходняга партнёрства можа Макей, Кабякоў і нават Лукашэнка.
Беларусь на саміце “Усходняга партнёрства ў Рызе будзе прадстаўляць прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, заяўляе еўракамісар Ёханэс Хан. Праўда, ні ў Беларусі, ні ў Латвіі яе не пацвярджаюць.
“На дадзены момант у графіку прэм’ер-міністра гэтага мерапрыемства няма. Такім чынам, удзел яго ў саміце на дадзены момант пакуль не пацвярджаецца”, ― заявіла Еўрарадыё прэс-сакратар прэм’ер-міністра Вольга Доўгая.
А па словах прадстаўніка МЗС Латвіі Іварса Ласіса, у Латвіі мяркуюць, што “гэта будзе прэм'ер-міністр ці міністр замежных спраў”. Не выключаючы, праўда, і таго, што прыехаць у Рыгу надумаецца кіраўнік Беларусі.
Але якая розніца, хто ўзначаліць беларускую дэлегацыю на рыжскім саміце: Лукашэнка, Кабякоў ці Макей, што ад гэтага прынцыпова зменіцца?
Калі казаць менавіта пра Аляксандра Лукашэнку, то яго прысутнасць у Рызе на саміце Усходняга партнёрства будзе азначаць кардынальную змену стаўлення афіцыйнага Мінска да гэтай ініцыятывы, упэўнены палітолаг Валеры Карбалевіч.
Карбалевіч: “Кіраўнік дэлегацыі ― гэта ў пэўным сэнсе палітычны сімвал, гэта прыкмета таго, якую ролю надае дзяржава таму ці іншаму форуму, таму ці іншаму візіту. Зразумела, розніца ёсць”.
Варыянт, калі беларускую дэлегацыю на саміце ўзначальвае Аляксандр Лукашэнка ― па-за канкурэнцыяй, пагаджаецца палітолаг Андрэй Казакевіч. Гэта будзе вельмі сімвалічна і фактычна азначае, што і Мінск, і Брусель гатовыя да больш шчыльнага дыялогу. Праўда, дадае Казакевіч, дэманстрацыя гатоўнасці да дыялогу на новым узроўні не будзе азначаць, што Еўропа гатовая адмовіцца ад сваіх прынцыповых патрабаванняў.
Што да выбару паміж прем’ер-міністрам Андрэем Кабяковым і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, то больш прадстаўнічасці нашай дэлегацыі дадае ранг прэм’ера.
Андрэй Казакевіч: “Міністр замежных спраў на тое і міністр, каб ездзіць на такія саміты, прадстаўляць краіну, весці перамовы і гэтак далей. А калі дэлегацыя мае больш высокі ўзровень па сваім статусе, і яе ўзначальвае прэм’ер-міністр, то гэта азначае, што ўзровень адносінаў вышэй, чым проста на ўзроўні міністра замежных спраў”.
Іншая справа, дадае Валерый Карбалевіч, што паехаць яны могуць разам: Кабякоў ― кіраўніком дэлегацыі, а Макей ― чальцом. Як гэта было на Пражскім саміце, калі “кіраўніком дэлегацыі быў віцэ-прм’ер, але ў складзе дэлегацыі быў і міністр замежных спраў”.
Праўда, разам будуць Кабякоў і Макей ці паасобку, але самастойна, без узгаднення з кіраўніком краіны, прымаць нейкія хай і нязначныя рашэнні яны не змогуць.
“У стасунках Беларусі і ЕС прынцыповыя рашэнні прымае ці дае на іх прынцыповую згоду выключна прэзідэнт”, ― кажа Казакевіч. А таму, калі яны ўсё ж паедуць паасобку, то “з пункту гледжання практычнага сэнсу вялікай розніцы паміж Кабяковым і Макеем няма”. Тут не больш, чым пытанне ўзроўню статусу, а ў Кабякова ён вышэйшы. І калі паедзе ён, то “гэта будзе азначаць, што Беларусь усё ж надае значэнне гэтаму саміту і таму год ад года павышае статус кіраўніка дэлегацыі”.
Фота: www.ntv.ru