Ці ёсць законныя падставы для вызвалення Бяляцкага па амністыі?

Кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі можа выйсці на свабоду падчас бліжэйшай амністыі. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 21 студзеня на сустрэчы з рэдактарамі беларускіх СМІ.

Заява прагучала ў адказ на пытанне дырэктара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алеся Ліпая, які нагадаў, што была выкананая галоўная на сённяшні дзень умова вызвалення вязняў — шкода, якую, паводле вызначэння суда, нанёс дзяржаве праваабаронца Алесь Бяляцкі, даўно кампенсаваная.

"Гэта сур'ёзны аргумент. Тут справа не ў палітыцы і не ў пазіцыі самога Бяляцкага. Клянуся вам, я яго не ведаў і не ведаю", — заявіў Лукашэнка.

Але ці сапраўды фінансавае пытанне і няведанне факта яго выканання стала галоўнай прычынай таго, што Бяляцкі не трапіў пад папярэднюю амністыю? Паводле слоў праваабаронцы Таццяны Равякі, калі б размова ішла выключна пра кампенсацыю, то Бяляцкі ўжо даўно быў бы на волі.

Таццяна Равяка: “Яго артыкул акурат трапляў пад амністыю 2012 года”.

Іншая справа, што ў тым законе “Аб амністыі”, як, зрэшты, і ва ўсіх папярэдніх, было прапісана: “Амністыя не закране тых, хто злосна парушае парадак у папраўчых установах, а таксама тых, хто дапусціў асабліва небяспечны рэцыдыў злачынстваў”. Менавіта гэта ўдакладненне і стала прычынай адмовы адмысловай “амністыйнай” камісіі адміністрацыі калоніі ў вызваленні Алеся Бяляцкага.

Таццяна Равяка: “Алесь з’яўляецца злосным парушальнікам рэжыму адбыцця пакарання. У яго дастаткова шмат, я нават не назаву колькі, бо не ведаю — Алесь пра гэта не паведамляе, спагнанняў. Таксама Алесь не прызнаў сваёй віны, а гэта азначае, што ён “не становіцца на шлях выпраўлення” і ўсе гэтыя атэстацыі, якія праходзяць перад амністыяй, для яго не з’яўляюцца станоўчымі”.

Малаверагодна, што згадкі пра адмову ў амністыі злосным парушальнікам парадку ў законе “Аб амністыі-2014” не будзе. У такім выпадку Бяляцкаму ізноў нічога не свеціць — цягам мінулага года ён ізноў атрымаў некалькі спагнанняў. Праўда, разважае Таццяна Равяка, гэты факт пры жаданні можна даволі лёгка абысці.

Таццяна Равяка: “Гэта ж такая справа: сёння вынеслі спагнанне, а заўтра здымуць — была б на тое палітычная воля. Тут ідзе размова не пра правапрымяненне, а пра неабходнасць знайсці падставу для таго, каб адбылося тое альбо тое”.

Дарэчы, менавіта такая сітуацыя была ў выпадку з Паўлам Севярынцам у 2007 годзе, калі ён, злосны парушальнік парадку ў папраўчай установе, раптоўна стаў на шлях выпраўлення і трапіў пад умоўна-датэрміновае вызваленне. Што стала нечаканасцю для самога “рэцыдывіста-парушальніка”.

Павал Севярынец: “Мяне прывезлі ў Наваполацк, у суд. У судзе ў мяне пытаюцца, ці меў я спагнанні. Я адказваю: “Меў” — “Віну прызнаеце?” — “Не прызнаю!” Суддзя вельмі хутка раіцца і выносіць пастанову: “У сувязі з узорнымі паводзінамі і з тым, што адбыў большую частку тэрміну, умоўна-датэрмінова вызваліць”. Адразу ў судзе распісаўся, атрымаў пашпарт і паехаў маршруткай у Віцебск”.

Да заканчэння тэрміну Паўлу заставаўся месяц. Але менавіта ў гэты час ў Мінску з візітам быў намеснік дзяржсакратара ЗША Дэвід Крэмер. Менавіта з гэтым Севярынец звязвае сваё раптоўнае выпраўленне. Але, упэўнівае палітык, у асобных выпадках улады выкарыстоўваюць закон “Аб амністыі” так, як ім гэта выгадна.

Павал Севярынец: “На маёй памяці здараліся цуды з амністыяй. Да прыкладу, Аляксея Шыдлоўскага вызвалілі за тры дні да заканчэння тэрміну па амністыі. Але яго выкінулі па амністыі з тым разлікам, каб ён не мог разлічваць на амністыю ў наступны раз — калі вызваляецца чалавек па амністыі, то наступны раз амністыя да яго не прымяняецца”.

Таму, пагаджаецца Севярынец з Таццянай Равякай, калі будзе загад зверху, то вызваленне Алеся Бяляцкага па сёлетняй амністыі цалкам верагоднае. Што да самой сёлетняй амністыі, то, паводле слоў кіраўніка прэс-службы МУС Канстанціна Шалькевіча, распрацоўваць яго, прапісваць крытэрыі  вызвалення яшчэ нават не пачалі. Амністыя сёлета будзе прымеркаваная да 70-годдзя вызвалення Беларусі.

Нагадаю, усяго пад дзеянне закона “Аб амністыі” 2012 года падпалі 18 737 асуджаных, якія адбываюць пакаранне ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сістэмы. Падчас выканання амністыі вызвалены ад далейшага адбывання пакарання з папраўчых устаноў закрытага тыпу 3 059 чалавек, з папраўчых устаноў адкрытага тыпу — 1 167 чалавек. Скарочаны тэрмін пакарання на адзін год 6 064 асуджаным, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых установах закрытага тыпу, і 893 чалавекам, якія адбывалі пакаранне ў папраўчых установах адкрытага тыпу. Адмоўлена ў прымяненні амністыі 6 198 асуджаным у папраўчых установах закрытага тыпу і 1 356 асуджаным у папраўчых установах адкрытага тыпу.

Фота: http://bymedia.net/, Змітра Лукашука, Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі