Ці зможа Лукашэнка ўпісацца ў перамовы па Украіне? Тлумачыць эксперт
Перамовы паміж Расіяй і Украінай
Лукашэнка ўсё часцей агучвае тэзіс пра неабходнасць удзелу Беларусі ў перамовах па Украіне. Аднак гэтыя жаданні аўтакрата застаюцца непачутымі нідзе, акрамя Беларусі і Крамля.
На гэтую тэму ў эфіры Еўрарадыё паразважаў гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.
“Гэты дыскурс пра перамовы [з абавязковым удзелам Лукашэнкі] <...> сапраўды прысутнічае. [Але] cёння ніхто не можа сказаць, як будуць выглядаць гэтыя перамовы. Ці ўвогуле яны адбудуцца, [ці] яны запатрабаваныя”.
Пры гэтым пра перамовы шмат гавораць на Захадзе, а не ў Расіі.
“Там акурат адваротны дыскурс. Там дыскурс пра тое, што мы павінныя перамагчы, і ніякія перамовы нам не патрэбныя, бо ўсё роўна нас гэтыя заходнікі падмануць”.
Разважанні Лукашэнкі пра страту Беларуссю тэрыторый Фрыдман лічыць бязглуздзіцай.
“Яны [разважанні] недарэчныя, вядома, але да іх ужо прызвычаіліся. Лукашэнка асядлаў гэтую тэму ў 2020 годзе, пра Заходнюю Беларусь, якую хоча атрымаць Польшча. Ну, відаць, цяпер гаворка хутчэй ішла пра тое, што Украіна хоча атрымаць нейкія тэрыторыі Беларусі, ён гэта паўтарае. <...> Калісьці ты пачнеш сапраўды верыць у тое, што кажаш, у самыя неверагодныя рэчы. І мне падаецца, што Лукашэнка паступова пачынае ў гэта таксама верыць. І гэтая тэма, якая ўзнікае, яна яму падабаецца, яна для яго важная”.
Лукашэнка сёння працуе паводле вядомага прынцыпу: што баліць, пра тое ён і гаворыць.
"І цікава, што там жа быў зварот да Пуціна, і выглядае так, што Пуцін не ў стане абараніць беларускія інтарэсы. Бо калі Лукашэнку не дапусцяць — ну так, усё тады, ратуйце, усё страцілі. Пуцін, відаць, нягледзячы на тое, што ён сябра найлепшы, абараняць інтарэсы Беларусі не будзе. <...> Тое, што лёс маленькіх дзяржаваў вырашаюць вялікія дзяржавы, мы ведаем з гісторыі XX стагоддзя. Гэта вельмі негатыўны момант шэрагу краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, псіхалагічная траўма. Той жа пакт Молатава — Рыбентропа з сакрэтным пратаколам і іншыя. І цяпер у дачыненні Украіны. Гэта ж вядома, што ў 2022 годзе пытанне Украіны Пуцін хацеў вырашаць не з украінцамі. Ён хацеў яго вырашаць са Злучанымі Штатамі, з еўрапейцамі. Так што вось гэтае ўяўленне, што мы тут дамовімся з сапраўды вялікімі гульцамі пра ўсё галоўнае, а вы будзеце выконваць”.
Нават калі перамовы адбудуцца, Беларусі там не будзе, бо супраць гэтага выступаюць краіны Захаду і Украіна.
“Тут жа пытанне хутчэй заходняе. Гэта Захад, які не хоча бачыць Лукашэнку, не разглядае яго ў якасці суб'екта. І нават калі ўкраінскі бок размаўляе, дыскутуе пра гэтыя перамовы пра запрашэнне Расіі <...> [Беларусі там] увогуле няма”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.