Ціханоўская заклікае ўладальнікаў гуманітарнага ВНЖ не ездзіць у Беларусь
Святлана Ціханоўская
На пасяджэнні Сейма 25 красавіка літоўскія дэпутаты не прынялі закон аб абмежаваннях для беларусаў на паездкі на радзіму. Гэтая прапанова не атрымала належнай колькасці галасоў.
Святлана Ціханоўская падзякавала літоўскім дэпутатам і паведаміла, што за апошнія тыдні беларуская дыяспара правяла вялікую тлумачальную працу сярод літоўскіх паліыкаў — былі праведзеныя дзясяткі сустрэчаў, размоваў і дыскусій.
"Разам з літоўскімі партнёрамі і сябрамі мы знайшлі кампраміс — і пры гэтым адстаялі інтарэсы беларусаў. Я хачу падзякаваць усім дэпутатам, якія разумеюць, што Беларусь — гэта не Лукашэнка, а беларусы — не расіяне. Дзякуй усім, хто падтрымлівае еўрапейскі выбар беларусаў", — заявіла яна.
Разам з тым Ціханоўская звярнулася да беларускіх палітэмігрантаў з просьбай не наведваць Беларусь. Найперш таму, што гэта пагражае стратай свабоды, але не толькі: "Дарагія мае, у гэты ж час, калі ласка, памятайце пра небяспеку паездак у Беларусь, асабліва калі вы мелі досвед рэпрэсій. Не рызыкуйце сваёй свабодай. Калі вы ўладальнік гуманітарнага ВНЖ, калі ласка, устрымайцеся ад паездак у Беларусь. Гэта можа прывесці да анулявання вашых літоўскіх дакументаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.