У Вільні прапануюць стварыць сквер памяці ахвяр рэжыму Лукашэнкі
Жорсткае затрыманне падчас пратэстаў 2020 года
У Вільні прапануюць стварыць сквер памяці ахвяр рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Ініцыятары — фракцыя сацыял-дэмакратаў у гарсавеце літоўскай сталіцы. Яна звярнулася ў Віленскі муніцыпалітэт і гарадскую камісію па гістарычнай памяці.
"У важныя для беларускай апазіцыі даты або падчас чарговага нападу рэжыму Лукашэнкі на апазіцыю людзі звычайна збіраюцца каля амбасады Беларусі, — цытуе словы кіраўніка фракцыі Павіласа Піняліса Delfi. — Гэта вельмі добрае сімвалічнае месца, якое дазваляе людзям выказаць сваю пазіцыю і наўпрост нагадаць пра сябе рэжыму. Аднак праблема ў тым, што гэтае месца ніяк не ўзаконенае і з фармальнага пункту гледжання — людзям даводзіцца аддаваць даніну павагі апазіцыянерам, якія праявілі і праяўляюць вялікую мужнасць, проста на тратуары. Мы лічым, што людзі, якія праявілі вялікую мужнасць, якія аддалі сваё здароўе ці нават сваё жыццё дзеля свабоды Беларусі, заслугоўваюць большага".
На прапанову сацыял-дэмакратаў, сквер памяці ахвяр рэжыму Лукашэнкі можна было б стварыць у цэнтральнай частцы Вільні. На іх думку, яму павінна быць не толькі прысвоена сімвалічная назва "Шлях беларусаў да свабоды", але і можа з'явіцца знак у памяць аб пацярпелых або загінулых ад рэжыму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.