"Cказалі, што ў мяне топяць ужо два дні". Чаму батарэі дагэтуль халодныя?
“Я не магла дазваніцца ў ЖЭС і па нумары 115. Сёння з раніцы дазванілася, і мне сказалі, што ў мяне топяць з пазаўчорашняга дня. Сказалі, што ў мяне 48-я заяўка, чакаю званка з ЖЭСа”, — абураецца ў размове з Еўрарадыё акторка Юлія Шаўчук. 13 кастрычніка, а на яе шостым паверсе батарэі дагэтуль халодныя.
У кватэры музыкі Аляксандра Памідорава ў адным пакоі топяць, а ў іншым — не. А гэта самы цэнтр горада! Дазваніцца ў яго ЖЭС амаль немагчыма.
Ацяпленне ў дамы мінчан пачалі даваць яшчэ 10 кастрычніка. Але жыхары некаторых кватэр дагэтуль лязгаюць зубамі ад холаду. Чаму? Ва ўпраўленні гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама абяцаюць уключыць ацяпленне ва ўсіх батарэях да 21:00 13 кастрычніка. Бо “цяпло далі ва ўсе дамы, але не ва ўсе батарэі”.
“У Мінску ацяпленне ўключылі, але гэта не значыць, што цяпло з’явілася ў кожным пад’ездзе і ў кожным стаяку. Трэба разпаветрываць сістэму. Сёння шмат заявак на разпаветрыванне. Плануем да 21:00 усе заяўкі закрыць”, — апісваюць ва ўпраўленні.
З 13 кастрычніка ацяпленне пачынаюць уключаць у прамысловых будынках і офісах. У справаздачах чыноўнікаў пацяплела ўжо ў 95% мінскіх кватэр. Але мінчане, якім "пашчасціла" трапіць у астатнія 5%, працягваюць мерзнуць.