"Цмокi-Мiнск" вырашылі адмовіцца ад сваёй назвы
Прэзентацыя каманд "Цмокi-Мiнск" сезона-2021/22 / bc-tsmoki.by
Пра гэта паведаміў старшыня баскетбольнага клуба Юрый Шакола на прэзентацыі каманд "Цмокi-Мiнск" сезона-2021/22.
"Хачу адзначыць, што назва "Цмокi-Мiнск" існуе апошні сезон. Яно праіснавала дзевяць гадоў, але гэта ўжо гісторыя — цікавая, багатая. Аднак жыццё не стаіць на месцы. Будзем шукаць новыя формы. Магчыма, гэта будзе камерцыйны праект", — паведаміў Шакола.
Спачатку клуб называўся "Мінск-2006", а ў 2012 годзе стаў "Цмокамі". Гэтую назву прыдумаў мэнеджэр клуба, баскетбаліст Аляксандр Куль. Куль падпісаў ліст спартсменаў супраць гвалту і за правядзенне новых выбараў, пасля чаго да яго прыходзіла міліцыя.
У гэтым годзе "Цмокi-Мiнск" святкуюць сваё 15-годдзе. Жаночая і мужчынская каманды клуба доўгі час з'яўляюцца наймацнейшымі ў краіне. Першая заваёўвала "золата" на чэмпіянатах Беларусі шэсць разоў, другая — 13 разоў.
На новы сезон клуб зноў ставіць сабе амбіцыйныя мэты. Для жанчын — спаборніцтва за перамогу ў чэмпіянаце і Кубак Беларусі, выхад ў "фінал чатырох" Еўрапейскай баскетбольнай лігі. Мужчыны маюць намер абараніць тытул чэмпіёнаў і заваяваць Кубак краіны, а яшчэ прабіцца ў плэй-оф Адзінай лігі ВТБ і групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.