Баскетбалістка Кацярына Сныціна анансавала фільм і спектакль з сваім удзелам

Кацярына Сныціна

Кацярына Сныціна / Еўрарадыё

Кацярына Сныціна не толькі грае ў тэатры, але і здымаецца ў кіно. Пра гэта баскетбалістка, якая завяршыла спартовую кар'еру, расказала ў інтэрв'ю DW.

Раней арт-дырэктар Беларускага Свабоднага тэатра Мікалай Халезін анансаваў спектакль у Нью-Ёрку з удзелам "спартоўкі з вялікага-вялікага спорту". Рэдактар Еўрарадыё Зміцер Лукашук выказаў меркаванне, што гэта будзе Кацярына Сныціна. Халезін не аспрэчыў гэтыя словы. Цяпер Сныціна ўскосна пацвердзіла.

"Цяпер я пакуль што не магу афіцыйна гэта абмяркоўваць, але я буду зоркай! Мы пачалі здымаць фільм пра маю кар'еру. Гэта будзе і на экране, і на сцэне", — прызнаецца яна.

У фільме будзе расказвацца пра жыццё і кар'еру Сныцінай. Здымкі ідуць ужо шэсць месяцаў. "І ў бліжэйшыя, напэўна, шэсць месяцаў я буду яшчэ даздымаць гэты фільм і яго прамоўтаваць. Я не лічу, што ў мяне шмат магчымасцяў змагацца з рэжымам [у Беларусі], але для сябе я абрала адзін з такіх варыянтаў — працягваць распавядаць пра тое, што адбываецца ў маёй краіне, усяму свету", — кажа спартоўка.

Сныціна тлумачыць, што ідэя фільма прыйшла ёй у галаву, калі яна глядзела на Netflix фільм пра Дэвіда Бэкхэма: "Мне вельмі спадабалася. Неяк я сказала пра гэта Надзі, маёй жонцы, як класна было б зняць такі ж фільм. А што, калі спытаць у Мікалая Халезіна, ці хочуць яны гэтым займацца? Так усё склалася". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі