ЦРУ вярбуе расіян праз сацыяльную рэкламу — #ІхНоравы

Кароткі агляд міжнародных навін

Кароткі агляд міжнародных навін / @rubanau_collage

ЗША прапануе грамадзянам Расіі задумацца пра будучыню. Але ёсць нюанс. Пра гэта і іншае — у нашым традыцыйным аглядзе міжнародных навін.


ЦРУ зноў заклікае расіян да супрацоўніцтва

Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне ЗША апублікавала ў сацсетцы Х, у YouTube і ў Telegram свой новы відэаролік пад назвай “Чаму я звязаўся з ЦРУ: дзеля радзімы”.

Відэа ўяўляе сабой маналог выдуманага 35-гадовага расіяніна, былога дэсантніка, які цяпер служыць у ЦРУ. Ён кажа, што быў выхаваны бацькам у традыцыях патрыятызму і любові да радзімы, але ў нейкі момант у яго адкрыліся вочы, і ён зразумеў, што Расію раз'ядаюць карупцыя і кумаўство.

Далей герой відэароліка кажа, што не здраджвае Расіі, а хоча яе выратаваць дзеля сына, каб той жыў у краіне, дзе смеласць і праца будуць ацэньвацца па заслугах. Таму ён гатовы ўступіць у барацьбу з унутраным ворагам.

“Людзі, якія вас атачаюць, магчыма, не хочуць чуць праўду. Мы — хочам”, — абвяшчаюць тытры ў канцы відэа і заклікаюць звязацца з ЦРУ па бяспечным канале ў даркнэце.

Чаму маленькія сабакі жывуць больш за вялікіх?

Навукоўцы падышлі да разумення таго, чаму маленькія сабакі звычайна жывуць даўжэй за прадстаўнікоў буйных пародаў. Даследаванні паказваюць, што, нягледзячы на падабенства праблем са здароўем, буйныя сабакі ўсё ж маюць сур'ёзнейшыя захворванні.

Амерыканскія навукоўцы прааналізавалі больш за 25 000 сабак, якія рэпрэзентуюць 238 пародаў. Даследчыкі апублікавалі свае высновы ў навуковым часопісе Plose One.

Атрыманыя звесткі сведчаць, што буйныя сабакі больш успрымальныя да раку, захворванняў костак, страўнікава-кішачных праблем, неўралагічных і эндакрынных захворванняў. Акрамя таго, буйныя сабакі часцей пакутуюць на праблемы з вушамі, носам ці горлам і інфекцыйныя захворванні.

Зрэшты, прадстаўнікі маленькіх пародаў таксама маюць уласцівыя менавіта ім праблемы: захворванні вачэй, сэрцы і дыхання, а таксама захворванні печані ці падстраўнікавай залозы.

Даследчыкі адзначаюць, што ў вялікага сабакі неабавязкова будзе больш праблем са здароўем, чым у яго меншага суродзіча. Але статыстычна вялікія сабакі ўсё ж маюць больш шанцаў на пэўныя захворванні, што і адбіваецца на меншай працягласці жыцця ў сярэднім.

Аўтары даследавання адзначаюць, што яны яшчэ не знайшлі тлумачэння таго, чаму менавіта буйныя сабакі больш схільныя да сур'ёзных праблем са здароўем. Для гэтага патрабуюцца асобныя даследаванні.
 

Губку Боба злілі

ЦРУ вярбуе расіян праз сацыяльную рэкламу — #ІхНоравы
Скрыншот з мультфільма

Пірацтва выйшла на новы ўзровень: блогер апублікаваў у Twitter поўнаметражны мультфільм пра Губку Боба. Гэта ўнікальны выпадак, бо ў карціны яшчэ няма нават даты рэлізу.

Фільм "Saving Bikini Bottom: The Sandy Cheeks Movie" мусіў выйсці на Netflix сёлета. Па чыёй віне адбылася ўцечка, невядома.

Пакуль у Netflix гэтую сітуацыю ніяк не пракаментавалі.

Еўрарадыё асуджае пірацтва, таму спасылку на зліты фільм даваць не будзем!
 

Названыя 50 найлепшых гарадоў свету для наведвання ў 2024 годзе

Партал пра падарожжы і забавы Time Out прадставіў свежы спіс найлепшых гарадоў свету для наведвання ў 2024 годзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі