Татальная залежнасць ад Расіі. Што чакае беларусаў у 2024 годзе
Даведаліся, чаго чакаць беларусам
Да канца года застаецца менш за два тыдні, і самы час падвесці некаторыя эканамічныя вынікі і зазірнуць у будучыню. Прапаганда Лукашэнкі выхваляецца поспехамі. Беларуская эканоміка дэманстравала нядрэнныя паказчыкі: павялічваўся ВУП, інфляцыя не палохала, заробкі стабільна раслі.
Але ці будзе ўсё так вясёлкава ў 2024 годзе? Што адбудзецца з кашалькамі беларусаў і ці абясцэніцца рубель? На гэтыя і іншыя пытанні Еўрарадыё папрасіла адказаць эканамічных экспертаў.
Усё будзе даражэць
Эканаміст Валянцін Сакалоўскі адразу ж адзначыў, што прагнозы адносна наступнага года варта разглядаць у прывязцы да магчымых глабальных узрушэнняў і вайны ва Украіне.
— Фактараў, якія ўплываюць на беларускую эканоміку, насамрэч не так шмат. У першую чаргу гэта выбары ў Расіі і ў прынцыпе ўсё, што адбываецца ў Расіі. Акрамя гэтага, улады пакуль дзейнічаюць даволі адэкватна для дасягнення сваіх мэтаў, але нельга адмяняць "стрэлу сабе ў нагу" і штучнага стварэння чарговага крызісу.
Санкцыі ж, на жаль, не так моцна дзейнічаюць на рэжым. Аднак гэта не адмяняе таго, што дзякуючы ім эканоміка шмат у чым дэградуе.
Сакалоўскі расказаў, што беларуская эканоміка моцна завязаная на экспарт сваіх тавараў у Расію, і любое ўзрушэнне там абяцае ўзрушэнні і нашай краіне.
Эксперт перакананы, што любая эканамічная праблема Расіі аўтаматычна становіцца праблемай Беларусі.
— Улічваючы, што Беларусь мае неабмежаваны доступ да расійскага рынку, калі там цэны на нешта павышаюцца, айчынным вытворцам выгадна пастаўляць свае тавары туды, ствараючы ў Беларусі калі не дэфіцыт, то пэўную абмежаванасць у выбары. І гэта адбываецца, пакуль цэны ў нашай краіне не зраўняюцца з расійскімі.
Паводле Крука, патэнцыйных фактараў шоку можа быць шмат. Напрыклад, у апошнія некалькі месяцаў у Расіі пачала расці інфляцыя, што будзе пераходзіць і на Беларусь.
— Павышацца інфляцыя дакладна будзе. Паводле прагнозаў BEROC, у наступным годзе яна складзе каля 8-10%. Гэта мінімальная планка, гэта непазбежна. Пакуль што інфляцыю ўдаецца стрымліваць пастановай "пра рэгуляванне цэн", але я дапускаю варыянт, што ў хуткім часе яе будуць выкарыстоўваць "скрозь пальцы", а, можа, і наогул адменяць.
Пра прывязанасць да расійскай эканомікі эксперт расказаў і ў кантэксце курсу валют.
— Мы былі сведкамі гэтай з'явы цягам усяго года. Любая змена курсу ў Расіі праз некалькі дзён ці тыдняў адбіваецца на беларускім рублі. І, вядома ж, гэта будзе адбівацца на дабрабыце і кашальку любога чалавека.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.