ЦВК адмяніў рэгістрацыю ініцыятыўных груп астравецкага актывіста АГП
І анулявалі пасведчанні сяброў ініцыятыўных груп Міколы Уласевіча, якія ён паспеў атрымаць адразу пасля рэгістрацыі.
Пра гэта Мікола Уласевіч паведаміў Еўрарадыё адразу па заканчэнні адмысловага пасяджэння Цэнтрвыбаркама, якое праходзіла 21 студзеня.
Мікола Уласевіч: “Як я ім ні даказваў, што яны не маюць права так рабіць, бо самі напісалі ў сваіх метадычных рэкамендацыях, у артыкуле 10.2, што Выбарчы кодэкс не прадугледжвае адмены рэгістрацыі ініцыятыўных груп, тым не менш, [старшыня Цэнтрвыбаркама] Ярмошына кажа: “Парушэнне было падчас рэгістрацыі і мы проста аднаўляем законнасць”.
Нагадаем, у адпаведнасці са зменамі, унесенымі ў Выбарчы кодэкс восенню 2013 года, вылучацца кандыдатам у дэпутаты прэтэндэнт можа толькі ў адной выбарчай акрузе, а не ў некалькіх, як было раней. Праўда, пра колькасць ініцыятыўных груп у Кодэксе нічога не гаворыцца, але з ЦВК лічаць, што гэта не патрабуе ўдакладненняў: калі вылучацца можна па адной акрузе, то і групу рэгістраваць можна толькі адну — у гэтай жа акрузе.
Рэгістрацыя ініцыятыўных груп завяршылася 16 студзеня. Але паўдзельнічаць у выбарах Мікола Уласевіч яшчэ можа — у пасялковы савет і ў абласны. Туды яго можа вылучыць партыя — “паводле партыйнага спісу”.
Рашэнне ЦВК актывіст плануе абскардзіць у Вярхоўным судзе.
Фота — bymedia.net